«…Крычалі «хайль Гітлер!» і «Бандэра – наш герой!»


Спецыялізаваны часопіс «Спецназ» фактычна абвесціў інфармацыйную кампанію супраць беларускіх фанатаў.

Публікацыя «Аднойчы ў «Істэрыцы» («Однажды в «Истерике») – ужо чацвёрты матэрыял на тэму, які выходзіць за апошні час у выданні, асноўная аўдыторыя якога – вайскоўцы ды працаўнікі МУС.

У матэрыяле па-свойму апісваюць сітуацыю вакол здарэння ў магілёўскім караоке-клубе «Істэрыка», у якім нібыта бралі ўдзел фанаты «Дняпра». Побытавы канфлікт, на чым настойваюць фанацкія рэсурсы, з падачы дзяржСМІ ператварыўся ў ідэалагічны: нагодаю для бойкі, па версіі «СБ» ды «Спецназу», стала песня «День победы», якую замовіў нехта з наведнікаў…

З-пад пяра рэдактара Андрэя Дземянцьеўскага, аўтара ўсіх публікацыяў пра фанатаў у «Спецназе», з’яўляецца сапраўдны блокбастар:

«…Кранальныя словы дарагой кожнаму нармальнаму чалавеку песні былі перарваныя выкрыкамі: «зіг хайль!», «хайль Гітлер!», «Бандэра – наш герой!» Адзін з хлапцоў з выклікам ускінуў руку ў нацысцкім вітанні..».

Цікава, што на фота, прыведзеным у публікацыі, адзін з затрыманых пасля інцыдэнту сфатаграфаваны ў цішотцы з польскамоўнымі фанацкімі лозунгамі. Не трэба быць прафесійным гісторыкам, каб разумець несумяшчальнасць лозунгу «Бандэра – наш герой!» з польскімі ўльтра-правымі ідэямі, таму або ўдзельнік бойкі не маюць акрэсленых поглядаў (тады ідэалогія тут не пры чым), альбо – аўтары з «СБ» ды «Спецназу» усё прыдумалі.

Вернемся, аднак, да публікацыі. На наступнай старонцы прыведзеная «пошта» рэдакцыі, а дакладней – каментары на інтэрнэт-старонцы часопісу па тэме пад публікацыямі пра фанатаў. Вось некалькі цытатаў:

«…Фанаты – гэта дастаткова падрыхтаванае асяроддзе, якім можна маніпуляваць (…) у першую чаргу – дзеля дэстабілізацыі ў краіне»

«…Няма ўласнай жыццёвай праграмы – можна закласці любую, патрэбную «замоўнікам».

«…Менавіта футбольныя фанаты ў Адэсе дапамаглі «правасекам» спаліць жыўцом людзей. Гэта ўжо не спорт, гэта фармаванні баевікоў…».

Чытай таксама >>>>> Заўзятары байкатуюць футбольныя матчы – пратэстуюць супраць самаволі міліцыянтаў

Зрэшты, выдаваць каментары з сацыяльных-сетак за меркаванні экспертаў – улюбёны прыём дзяржаўных СМІ, зусім не новы. Для разнастайнасці рэплікі падпісаныя рознымі месцамі: Украіна, Екацярынбург, Прага, Менск…

Сваймі ўражаннямі ад падобных шчыраванняў падзяліўся адзін з заўзятараў БАТЭ, які вырашыў не агучваць сваё імя:

«ТАМ вельмі баяцца паўтарэння ўкраінскіх падзеяў, – лічыць хлопец, – і не для кога не таямніца, што на Майдане фанаты былі адной з асноўных сілаў. А ў нас усё робіцца на апярэджанне, не важна, якім коштам… У выніку ўлады атрымліваюць пустыя стадыёны: мала каму хочацца ісці на гульню, не ведаючы, сёння ты вернешся да хаты ці праз пару дзён арышту».

Заўзятар таксама лічыць, што сілавікі блытаюць ідэалагічныя і крымінальныя моманты, прадстаўляючы побытавыя канфлікты як ідэйныя.

«Усё робіцца для таго, каб паказаць, што міліцыя працуе, – упэўнены хлопец, – а паказаць больш, па вялікім рахунку, няма чаго…»

Улічваючы колькасць затрыманняў фанатаў, прэвентыўныя арышты, справы фанатаў «Дняпра», «Нававілкі», «Тарпеда» і інш. Выглядае, што ад рэпрэсіяў адносна прадстаўнікоў апазіцыі сілавікі ў год выбараў цалкам пераключыліся на фанатаў. Асобныя СМІ, арыентаваныя на вайсковыя часткі і аддзяленні міліцыі, пры гэтым, маюць увесь час трымаць сваю публіку ў напружанні.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў