Кругавы: Лукашэнка лічыць усіх прадпрымальнікаў халопамі, нават буйных


Бізнесовец Валер Кругавы мяркуе, што Юрый Чыж і Яўген Баскін былі вельмі ўпэўненыя ў сваіх заступніках.

Пра гэта ён заявіў у эфіры праграмы «Гарачы каментар».

«Белсат»: Чаму ў Беларусі пераследуюць буйных бізнесоўцаў і што азначае вось гэтая новая хваля?

Валер Кругавы: Мне цяжка сказаць, што нехта кагосьці там пераследуе. Адмыслова нікога не пераследуюць, гэта сама сістэма так працуе. І гаворка не толькі пра буйных бізнесоўцаў, а пра ўсе ўзроўні.

Прадпрымальнікі – сталы абʼект ціску з боку ўладаў, рэжыму. Чаму? Адказ нават недзе ў псіхалогіі. Для Лукашэнкі, і гэта не таямніца, прадпрымальнікі – махляры, якія часова знаходзяцца на волі. Яны ад пачатку– «падазроныя» людзі. І проста, як кажуць, да ўсіх рукі не дацягваюцца. Але перыядычна дацягваюцца.

Таму тут нічога новага няма. Гэта было, ёсць і будзе.

«Белсат»: Увагу ўсіх звярнуў факт, што пад арышт трапіў чалавек, якога звалі «гаманцом Лукашэнкі». Адразу паўстала аналогія «улады» – «бізнес». Ці сапраўды буйны бізнес і улады ў Беларусі непадзельныя?

Валер Кругавы: Я крыху ўздыхнуў, гэта чыста журналісцкія падыходы, што побач з Лукашэнкам ёсць нейкія прадпрымальнікі, ледзь не сябры і гэтак далей. Гэта міт! Для Лукашэнкі ўсе прапрымальнікі, і нават буйныя, – гэта людзі, якія, можна сказаць, халопы, якія прызначаныя для пэўных функцыяў і мэтаў, не больш за тое.

Іх дапусцілі да царскага палявання ці разам з ім у футбол гуляць – гэта яшчэ нічога не значыць. Уcё роўна яны для яго пустое месца.

Гэта ўсё міты, што нехта там у прыяцелях у яго ходзіць.

«Белсат»: Паводле КДБ, Юрый Чыж уцякаў у бок літоўскай мяжы, а Яўгена Баскіна затрымалі ў аэрапорце. Ці верыце, што яны ведалі пра сваё затрыманне і ўцякалі?

Валер Кругавы: Відаць, яны пераацанілі свае магчымасці, у тым плане, што ім своечасова паведамяць, калі іх будуць «закрываць». Хіба, ім паведамілі толькі ў апошні момант. У тое, што адзін хацеў уляцець, а другі хацеў зʼехаць, веру. Натуральна, тое, што Чыж ехаў на машыне з хуткасцю 200 кіламетраў у гадзіну ў бок літоўскай мяжы, гэта казкі. Калі б ён хацеў знікнуць, то ў першую чаргу на самалёце ў Расею, як уласна і хацеў другі. Таму факт толькі адзін: яны былі вельмі ўпэўненыя ў сваіх заступніках.

 

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў