Кроў, марадзёрства, хлусня і расейскі след. Што вядома пра гібель «данбаскага» Боінга


Сабраны фюзеляж збітага летака MH17

Споўнілася тры гады з дня крушэння рэйсу MH17 над захопленай прарасейскімі баевікамі тэрыторыяй Украіны.

Самалёт Boeing 777-200ER выконваў цывільны рэйс MH17 авіякампаніі Malaysia Airlines. У гэты дзень, 17 ліпеня 2014 году, ён быў збіты баявой ракетаю. Загінулі ўсе 283 пасажыры і 15 чалавек экіпажу.

Целы ахвяраў і парэшткі самалёту ўпалі каля гораду Тарэз у Данецкай вобласці Украіны – на тэрыторыі, якую тады кантралявалі прарасейскія баевікі, што вялі актыўныя баявыя дзеянні супраць украінскай арміі.

«Птушкапад»

Хоць агрэсіўныя акцыі ўзброеных прарасейскіх баевікоў супраць украінскіх органаў улады на Данбасе пачаліся яшчэ ў красавіку 2014 году, актыўныя дзеянні нацыянальных праваахоўных і вайсковых фармаванняў пачаліся фактычна толькі ў траўні. Гэта было перш за ўсё выклікана жалю вартым станам дзяржаўных і сілавых органаў Украіны пасля шматлікіх год карупцыі і недафінансавання, а таксама іхнай дэзарыентацыяй у сувязі з расейскім захопам паўвыспы Крым, які адбыўся ў сакавіку таго ж году.


Гіркін
падчас кіраўніцтва баевікамі на Данбасе

Сапраўды шырокі наступ украінскай арміі і добраахвотнікаў на пазіцыі баевікоў, кіраўнічы склад якіх пераважна складаўся з грамадзянаў Расеі, пачаўся летам 2014 году і ў ліпені сітуацыя для антыўкраінскіх сілаў стала крытычнаю.

Значную перавагу ўкраінскай арміі давала магчымасць выкарыстоўваць авіяцыю для хуткага перакідвання рэзерваў, бамбардавання варожых пазіцый, хуткай эвакуацыі параненых у тылавыя шпіталі.

У апошнія дні чэрвеня расейскія СМІ і інтэрнет-акаўнты баевікоў паведамілі пра тое, што «быў захоплены» зенітна-ракетны комплекс (ЗРК) «Бук».

Пасля 10 ліпеня самалёты ўкраінскіх Паветраных сіл сталі падаць на зямлю – 14 ліпеня баевікі збілі Іл-76, загінулі 40 парашутыстаў з 25-й Днепрапятроўскай авіядэсантнай брыгады і 9 сябраў экіпажу.

14-га ліпеня быў таксама збіты іншы ўкраінскі транспартнік Ан-26 – магчыма, нават за расейскай тэрыторыі.

16 ліпеня быў збіты ўкраінскі штурмавік Су-25. 17 ліпеня за некалькі гадзінаў да гібелі цывільнага лайнера на тэрыторыі пад кантролем расейскіх баевікоў (горад Сніжне) карэспандэнт Associated Press бачыў ЗРК «Бук».

«Мірныя людзі не пацярпелі»

У 17.50 17 ліпеня на старонцы, дзе звычайна рабіліся паведамленні ад імя кіраўніка расейскіх баевікоў былога афіцэра ФСБ РФ Ігара Гіркіна «Стрелкова», заявіла паведамленне пра яшчэ адзін збіты ўкраінскі транспартны самалёт.

Навіну хутка падхапілі расейскія дзяржаўныя і калядзяржаўныя СМІ.

Аднак хутка высветлілася, што гэта быў цывільны малайзійскі Боінг, які ляцеў з Нідэрландаў у Куала-Лумпур. Загінула 298 асобаў.

Першае паведамленне ад Гіркіна знікла. На наступны дзень ён агучыў абсурдную заяву пра тое, што людзі ў самалёце ўжо былі мёртвыя.

Магчыма, на Гіркіна ці расейскіх прапагандыстаў, якія выдумалі гэтую «навіну», паўплываў серыял «Шэрлак», у адной з серый якога брытанскі ўрад плануе падставіць пад удар тэрарыстаў самалёт нагружаны мёртвымі, каб не раскрываць ворагу дадзеныя пра крыніцы сваёй інфармацыі.

Варыянт таго, што самалёт упаў на зямлю праз тэхнічную аварыю быў адрынуты практычна адразу, бо ЗША афіцыйна заявілі, што бачылі выбух самалёту. На зямлі целы ахвяраў і часткі самалёта былі раскіданыя на вялікай плошчы, што пацвердзіла гэтую версію.

Украіна адразу абвінаваціла ў злачынстве Расею ці расейскіх баевікоў, якія атрымліваюць з Расеі спецыялістаў, баявую тэхніку, боепрыпасы і паліва. Як амерыканскія, так і ўкраінскія эксперты пагадзіліся, што выкарыстоўваліся ракеты 9M38 – для ЗРК «Бук».

Самалёт ляцеў з захаду на ўсход – то бок менавіта з таго кірунку, адкуль баевікі ці расейскія жаўнеры, якія кіравалі «Букам», маглі чакаць украінскую авіяцыю.

У цэлым з высновамі ўкраінскіх уладаў пагадзіліся і міжнародныя эксперты, і следчыя органы.

Калейдаскоп самаапраўданняў

Са свайго боку расейскія афіцыйныя ўстановы, пачынаючы ад Міністэрства абароны, і расейскія дзяржаўныя СМІ пачынаюць агучваць усё больш разнастайных «версіяў», адзіны агульны сэнс якіх – «вінаваты ўкраінцы». Усе гэтыя расейскія заявы па чарзе былі адрынутыя экспертамі.

«Збіць магла толькі Украіна, у нашых не было такой зброі ці падрыхтоўкі», «гэта была ракета паветра-паветра», «гэта быў украінскі штурмавік», «добра гэта не мог быць штурмавік, гэта быў знішчальнік», «іспанскі дыспетчар сведчыць», «украінскі пілот прызнаўся», «добра, гэта быў «Бук», але ракета не была такой, як выкарыстоўваюць у расейскай арміі»…

Адзін з самых знакамітых фейкаў расейскай прапаганды – «спадарожнікавы здымак, на якім бачна, як украінскі знішчальнік страляе ў Боінг». Фота растыражыравалі шматлікія расейскія дзяржаўныя і калядзяржаўныя СМІ – «Московский комсомолец», Дни.ру, Вести.ру, НТВ, LifeNews, «Говорит Москва», ИТАР-ТАСС, Лента.ру, тэлеканал «Звезда», «Комсомольская правда» і іншыя.

Аднак гэта была вельмі грубая фальшыўка – не супадаюць ані мадэлі самалётаў, ані маштабы самалётаў у параўнанні паміж сабой і абʼектамі на зямлі, на фота няма кандэнсацыйных слядоў ад працы рухавікоў.

Вердыкты

13 кастрычніка 2015 году Камісія па бяспецы палётаў Нідэрландаў пастанавіла, што цывільны самалёт быў збіты ракетай 9M38 з ЗРК «Бук». Ракета адразу забіла пілотаў, астатнія людзі загінулі падчас падзення самалёта ці пры ўдары аб зямлю.

Рэканструкцыя падзеяў па дадзеных Камісіі па бяспецы палётаў Нідэрландаў

28 верасня 2016 году міжнародная Сумесная следчая група паведаміла, што Боінг быў збіты з тэрыторыі, якая кантралявалася расейскімі баевікамі, а сам «Бук» быў дастаўлены на гэтую тэрыторыю з Расеі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары