Кроў Дэбальцава. Інтэрв'ю з медыкам-валанцёрам з Нямеччыны


Што прымушае тэрапеўта, які працуе ў Нямеччыне, сарвацца і паехаць на ўсход Украіны, каб лекаваць параненых? Якія ўражанні такі медык прывёз з сабою і якія высновы пра сітуацыю ва Украіне зрабіў, даведалася нашая карэспандэнтка ў Берліне, Жанна Кромер.

Мы сёння ў Берліне размаўляем аб сітуацыі ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі з нямецка-ўкраiнскім медыкам Сяргеем Брычком-Штоерам. Сяргей, як Вы апынуліся ў зоне АТА?

У снежні я вяртаўся з валанцёрскай паездкі з зоны АТА, якія можна рабіць незалежна ад твайго грамадзянства і статусу, я пазнаёміўся ў цягніку з маладым хірургам з Ужгараду. Ён распавёў пра сваю службу і сказаў, што з дактарамі ўсё зусім дрэнна, яны нават не могуць выехаць на ратацыю. Ён ехаў дадому толькі таму, што нехта з цывільных прыехаў яго падмяніць на тыдзень. Я тады сказаў яму: калі так можна, то спытайся ў начальства, я тады прыеду ўзімку і некага падмяню.

Ён спытаўся, начальства дазволіла, сказалі, я магу прыехаць без гарантыяў бяспекі ды страхоўкі на выпадак, калі нешта здарыцца. Гэтак я змог туды паехаць. Напэўна, самы паказальны дзень быў, калі вельмі жорстка бамбілі Дэбальцаўскі раён. Быў вялікі паток параненых, у асноўным са 128-й брыгады. Параненыя ішлі адзін за адным, была чарга з іх. Не хапала транспарту, каб перакідаць іх далей у шпіталі. Харкаў тады яшчэ прымаў. Недахоп прафесійных рук, недахоп памяшканняў. Усё – напалову імправізацыя.

Прывозяць хлопцаў. На іх кідаюцца медсёстры і дактары, пачынаюць разразаць вопратку, спрабуюць падключыцца да венаў, зрабіць абязбольванне, хоць нейкае, збольшага не адэкватнае. У прынцыпе, у той момант патрэбныя былі б спецыялісты рэгіянальнай анестэзіі, якія б паводле Вішнеўскага маглі б блакаваць нервовыя ствалы, каб на канцавінах можна было бязбольна апераваць. Але быў толькі «Гексалгін».

Цяжкіх наркатычных сродкаў мы імкнуліся не даваць, каб яны, па-першае, захоўвалі сваю рухомасць, адэкватнасць і маглі самі сыходзіць, сядаць у аўтамабіль і з’яжджаць. З іншага боку, тады патрэбна было б больш кантролю, патрэбен быў бы анестэзіёлаг пад рукою. Таму адэкватнае абязбольванне атрымлівалі толькі тыя хлопцы, каго забіралі на сапраўды цяжкія аперацыі.

Ну што, хлопцы цярпелі. Вось такі дзень з раніцы да вечара.

Каго Вам даводзілася выратоўваць? Былі толькі ўкраінскія салдаты, ці таксама і мірныя жыхары?

Так, мірныя жыхары таксама былі. Гэта дадаткова траўматычна для чалавечага ўспрыняцця. Па-першае, жанчыны… Мне пашчасціла, дзякаваць Богу, тады яшчэ не было дзяцей. Потым, калі з’ехаў, то прымалі ўжо і дзетак таксама.

Вось менавіта тыповыя раненні цывільных пад заваламі – калі косці, мяса, абрыўкі сасудаў, змяшаныя з вопраткаю, брудам, аскепкамі шкла, драўніны, бетону, камянёў… Гэта, вядома, цяжка. Займае шмат часу да цела такога чалавека ўвогуле дабрацца, бо ён такі брудны, там не падключышся нікуды.

Пакуль ты яго не агледзіш, яго і абязболіць нельга, каб знайсці ўсе ягоныя дзірачкі. Вядома, гэта вельмі цяжка для людзей.

Скажыце, а ці давялося Вам лекаваць параненых з боку сепаратыстаў?

Былі, але я з імі не стасаваўся. Быў танкіст, які абгарэў, але яго, па-першае, паклалі не на тым паверсе, дзе я працаваў, па-другое, проста не было часу. Я б шчыра кажучы, проста пайшоў бы паглядзець, у якім ён стане, можа нечым дапамагчы. Проста чуў, што такі ёсць і што яго апрацавалі, а потым закруцілася, не да таго было, і нават не ведаю пра ягоны лёс.

Ці можна сказаць, што ў ваенных медыкаў ёсць цяпер нейкія прэтэнзіі да ўладаў Украіны?

Вой, маса! У іх тыя ж прэтэнзіі, што і ў астатніх байцоў. Я сустракаў там анестэзіёлага ў званні палкоўніка, які месяц там прабегаў з аўтаматам па палях і быў дагэтуль не аформлены. Гэта тое, што здараецца і ў нацбрыгадах, і ў вайсковых частках, што людзі ўжо вяртаюцца пасля раненняў, а іхным родным у ваенкаматах кажуць, што нават не маюць пра іх ніякіх запісаў. Ну і ў забеспячэнні, гэта ўсё даволі складана…

Вельмі цяжка прымірыцца з гэтым абсурдам, з гэтай вельмі дрэннай арганізацыяй, з тым, што немагчыма некуды грукацца. Пачынаеш грукацца, з’яўляюцца людзі, якія кажуць: не сейце паніку. Калі адбываецца непапраўнае, гэтыя людзі некуды знікаюць. Паўстае іншая сітуацыя, зноў пачынаеш грукацца, і зноў з’яўляюцца людзі, якія кажуць: «не сейце паніку», і якія потым ніколі не нясуць адказнасці за свае словы.

Там служаць мужчыны, якія ўжо, напрыклад, 20 гадоў ва ўнутраных войсках у чыне прапаршчыка ці маёра. У iх заробак 4000, максімум 5000 грыўняў, гэта на сённяшні дзень 120–150 еўраў. Яны выйдуць адтуль, і будуць атрымліваць палову. Якія ў іх перспектывы? За што яны ваююць?

А з іншага боку, адтуль не сыдзеш проста так, бо яны ўжо там. Агулам сітуацыя патавая.

Жанна Кромер, «Белсат», Берлін

Стужка навінаў