Крэмль заклапочаны рашэннем Канстанцінопаля і мае намер «бараніць» праваслаўных


Крэмль афіцыйна адрэагаваў на рашэнне Канстанцінопаля аб наданні аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве. Дзмітрый Пяскоў адзначыў, што Расея мае намер абараняць інтарэсы праваслаўных ва Украіне «выключна палітыка-дыпламатычным шляхам».

Расейскія ўлады маюць намер абараняць інтарэсы праваслаўных ва Украіне ў выпадку абвастрэння сітуацыі ў сувязі з рашэннямі сінода Сусветнага патрыярхату, паведамляе Інтэрфакс.

«У выпадку, калі падзеі прымуць характар супрацьпраўных дзеянняў, то Расея, якая ўсюды абараняе інтарэсы расейцаў і расейскамоўных, будзе гэтак жа, і пра гэта неаднаразова казаў Пуцін, абараняць інтарэсы праваслаўных», – заявіў Пяскоў.

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна выказаў крайнюю занепакоенасць рашэннямі, прынятымі напярэдадні ў Канстанцінопалі.

«Мы ведаем пра жорсткую і вельмі паслядоўную рэакцыі Расейскай праваслаўнай царквы на тыя рашэнні, якія былі агучаныя ў Канстанцінопалі. І мы неаднаразова раней казалі, што мы вельмі заклапочаныя тымі захадамі, якія могуць унесці раскол у праваслаўны свет», – сказаў Пяскоў.

Сінод Канстанцінопальскай царквы пастанавіў спыніць дзеянне ўказу 1686 года аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату. Акрамя таго Канстанцінопальскі патрыярхат абвясціў пра рашэнне зняць анафему з кіраўнікоў дзвюх некананічных цэркваў ва Украіне – Філарэта з Кіеўскага патрыярхату і Макарыя з Украінскай аўтакефальнай царквы.

Чарговы сімвалічны разрыў з Расеяй: Украінская праваслаўная царква атрымае аўтакефалію ў лістападзе

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары