Крэмль зачышчае медыярынак і стварае «інкубатар патрыётаў»


У Расеі ствараецца музычна-патрыятычны холдынг на базе актываў «Расейскай медыягрупы».

У распараджэнні расейскага выдання vedomosti.ru трапіла копія ліста, адрасаванага Уладзіміру Пуціну, аўтары якога – Уладзімір Кісялёў, прадзюсар вядомага ў СССР гурта «Зямляне» і старшыня «Расейскай медыягрупы» (РМГ) Вольга Плаксіна прапануюць стварыць патрыятычны медыяхолдынг. Ліст датаваны кастрычнікам 2014 г. На ім Пуцін напісаў: «Валодзіну (кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта РФ). Разгледзець».

На базе тэлеканалаў і радыёстанцый РМГ варта стварыць інкубатар айчынных суперзорак, пішуць Кісялёў і Плаксіна: знешнепалітычная сітуацыя не дазваляе рабіць стаўку на замежных артыстаў, патрэбныя ўласныя, каб пад рукой былі ідэалагічна правільна настроеныя куміры мільёнаў.

Аўтары ліста прапанавалі стварыць каардынацыйны цэнтр на базе расейскай дзяржкампаніі ФГУП «Дзяржканцэрт» (падпарадкоўваецца Міністэрству культуры РФ), партнёрамі якой павінны стаць – тэлеканалы «Муз.ТВ», Вridge TV, RuSong і Russian Travel Guide. Стварэнне «музычнага холдынгу патрыятычнага кірунку» ўскосна пацвердзіў у сярэдзіне ліпеня намеснік міністра сувязі Расеі Аляксей Волін, паведамляюць vedomosti.ru.

У расейскім Міністэрстве культуры пра стварэнне холдынгу нічога не ведаюць. Затое вядома, што «Дзяржканцэрт» ледзь сточвае канцы з канцамі. Паводле крыніцаў з расейскай музычнай індустрыі, у рэалізацыі ўгоды дапаможа Крэмль.

Пасля стварэння такога медыяхолдынгу дзяржава ператворыцца ў галоўнага гульца на расейскім радыёрынку. Інфармацыйныя рэсурсы і радыёстанцыі, якія належаць ВГТРК і «Газпром-Медыя Холдынгу» слухаюць 34 млн чалавек за суткі. «Расейская медыягрупа» – ахоплівае 16,7 млн ​​слухачоў за суткі.

Астатнія радыёхолдынгі і папулярныя станцыі падкантрольныя лаяльным Крамлю бізнесменам: «Еўрапейская медыягрупа» – былому дэпутату Дзярждумы Уладзіміру Грыдзіну, Krutoy Media і «Радыё Шансон» – нафтавіку Міхаілу Гуцэрыеву, «Мультымедыя холдынг» – сенатару Віталю Багданаву, радыё «Камсамольская праўда» – энергетыку Рыгору Бярозкіну, «Расейская служба навінаў»  банкіру Юрыю Кавальчуку.

За радыёэфір, як і за тэлебачанне, Крэмль цяпер можа не перажываць. «Усё ідзе паводле плану»…

Чытайце таксама >>> Як ставіцца да беларусаў, што працуюць на расейскія СМІ?

ЮВ, belsat.eu паводле vedomosti.ru

Глядзі таксама
Каментары