Крэмль спадзяваўся на паляпшэнне расейска-амерыканскіх адносінаў, але спадзяванні не апраўдаліся


Расея вышле 755 працаўнікоў дыпламатычнае місіі ЗША ды адбярэ ў амерыканскай амбасады лецішча. Гэта адказ Крамля на новыя санкцыі, ухваленыя амерыканскім Кангрэсам.

Штат амерыканскае дыпмісіі скароціцца больш як на 60 %

Колькасць амерыканскіх дыпламатаў зраўняецца з колькасцю расейскага прадстаўніцтва ў Штатах. Аднак большая частка з 1200 працаўнікоў місіі ЗША не амерыканскія дыпламаты, а адмыслоўцы, нанятыя ў Расеі: перакладчыкі, кіроўцы ды гэтак далей. Колькі ж амерыканцаў у выніку пакіне Расею – няясна. Няясна таксама, каму ад гэта зробіцца горш.

«Калі і праўда скароцяць, расейцам давядзецца цягам тыдняў або і месяцаў чакаць амерыканскую візу», – зазначыў былы амбасадар ЗША ў Расеі Майкл Макфол.

Доналд Трамп яшчэ не падпісаў санкцыяў у дачыненні Расеі

Хоць нібыта і збіраецца гэта зрабіць. Пастанову выдварыць амерыканскіх дыпламатаў можна разглядаць як запознены адказ на высылку 35-ці працаўнікоў расейскае дыпламатычнае місіі са Злучаных Штатаў з часоў Барака Оўбамы. Тады Крэмль адмовіўся ад люстраное захады.

Новы амерыканскі прэзідэнт расчароўвае Крэмль. Расейска-амерыканскія дачыненні ніяк не наладжваюцца. Уладзімір Пуцін заявіў, што амерыканскі бок прыняў ні чым не справакаваны крок для пагаршэння расейска-амерыканскіх стасункаў і для ціску на хаўруснікаў Масквы.

Трамп падпіша санкцыі супраць Расеі

Віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс, будучы з візітам у Эстоніі, заявіў, што Вашынгтон не будзе трываць дзейнасці Масквы, скіраванай на дэстабілізацыю.

«Каб да канца праясніць нашыя намеры, мы чакаем, што паводзіны Расеі зменяцца. Мы з прэзідэнтам вельмі спадзяемся ўбачыць іншыя дачыненні расейскага ўраду да Украіны ды рэжымаў-ізгояў у Іране і Паўночнай Карэі», – паведаміў Майк Пэнс.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША назваў пастанову Крамля выслаць амерыканскіх дыпламатаў недарэчнаю і вартаю жалю. І прыняўся распрацоўваць новыя захады ў адказ. Ужо відавочна, што ніякай перазагрузкі амерыканска-расейскіх дачыненняў не прадугледжваецца.

Вітаўт Сіўчык, Маша Макарава, «Белсат»

Стужка навінаў