Крэмль разграміў медыякампанію РБК?


Кіраўніцтва «РосБизнесКонсалтинг» звольнілі.

Звольненыя шэф-рэдактар расейскай медыякампаніі «РосБизнесКонсалтинг» (РБК) Лізавета Асяцінская, галоўны рэдактар газеты РБК Максім Солюс, а таксама галоўны рэдактар інфармацыйнага агенцтва РБК Раман Баданін.

Каманда Лізаветы Асяцінскай прыйшла ў РБК неўзабаве пасля таго, як холдынг выкупіў расейскі мільярдэр Міхаіл Прохараў, у канцы 2013-га – пачатку 2014-га. Гэтая каманда ўключала ў сябе не толькі кіраўніка інфармацыйнага агенцтва РБК Рамана Баданіна і галоўнага рэдактара газеты РБК Максіма Солюса, якія пакідаюць РБК разам з Асяцінскай, але і дзясяткі журналістаў з іншых расейскіх дзелавых выданняў, у першую чаргу «Forbes» і «Ведомости».

Разам ім атрымалася ператварыць выданне з сумнеўнай рэпутацыяй (РБК неаднаразова абвінавачвалі ў публікацыі рэкламных артыкулаў пад выглядам рэдакцыйных) у галоўнае дзелавое і грамадска-палітычнае СМІ ў Расеі. Найбольшы аўтарытэт РБК прынеслі расследаванні – напрыклад, аб бізнесе сваякоў прэзідэнта Расеі, яго дачкі, РПЦ, пра эканоміку ДНР ды іншае.

Вясной 2016 года зʼявіліся чуткі пра незадаволенасць рэдакцыйнай палітыкай РБК у Крамлі. Ніякіх афіцыйных каментароў з гэтай нагоды не было, але відавочна, што з красавіка на РБК аказваўся істотны ціск. Лізавета Асяцінская 20 красавіка абвясціла, што сыйдзе з холдынгу на год, паколькі яна стала стыпендыятам міжнароднай праграмы Стэнфардскага ўніверсітэту «Інавацыі ў журналістыцы». Праўда, сышла Асяцінская ў траўні, хоць вучоба пачынаецца ў верасні. Агенцтва «Reuters» наўпрост звязала гэта з ціскам Крамля.

Праз некалькі дзён пасля гэтай навіны «Газета.ру» са спасылкай на ўласныя крыніцы напісала, што ўладальнік РБК Міхаіл Прохараў актывізаваў перамовы аб продажы медыяхолдынгу. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў тады заяўляў, што ніякага ціску ні на Прохарава, ні на РБК не аказваецца.

За некалькі дзён да адстаўкі кіраўніцтва РБК стала вядома, што гендырэктарам холдынгу зацікавілася МУС. Праваахоўныя органы паабяцалі праверыць яго па справе аб махлярстве, узбуджанай па заяве былога акцыянера «Телекома-Байт» Аляксандра Панова (ён лічыць, што РБК незаконна адабраў у яго акцыі «Телеком-Байт»).

Верагодна, разам з Асяцінскай, Баданіным і Солюсом сыдзе значная частка рэдакцыі. Якая менавіта, невядома.

Разгром РБК упісваецца ў кантэкст зменаў на рынку дзелавых СМІ ў Расеі. У сувязі з законам аб замежным капітале ў медыях у канцы 2015-га года ўласнікаў змянілі «Forbes» і «Ведомости». У «Forbes» гэта суправаджалася зменай галоўнага рэдактара і (па неафіцыйных дадзеных) прамым умяшаннем новага ўласніка Аляксандра Фядотава ў справы рэдакцыі. У выданні «Ведомости» такіх выпадкаў не зафіксавана, але са складу акцыянераў выдання выйшлі ўладальнікі «The Wall Street Journal» і «Financial Times».

ЮВ, belsat.eu, паводле meduza.io

Стужка навінаў