Крэмль пагражае адказаць, калі Захад пашырыць санкцыі


Масква не пакіне без адказу пашырэнне санкцый супраць Расеі ў выпадку, калі Захад усё ж такі пойдзе на такі крок, заявіў прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.

Прадстаўнік Крамля нагадаў, што расейскі бок ужо ўводзіў у адказ абмежавальныя захады ў дачыненні краінаў, якія раней абклалі яе санкцыямі, і цяпер гатовы працягнуць гэты працэс, падае Бі-Бі-Сі.

Ён не стаў удакладняць, якія менавіта санкцыі Расея можа ўвесці супраць Захаду. Мінулым летам абмяркоўваліся адразу некалькі варыянтаў наступнага этапу расейскіх контрзахадаў, сярод якіх была забарона на ўвоз у краіну еўрапейскіх і амерыканскіх аўтамабіляў.

Раней пашырэннем санкцый Расеі прыгразілі краіны «Вялікай сямёркі». Па выніках іх сустрэчы канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель паведаміла пра гатовасць увесці ў дачыненні да Масквы новыя абмежавальныя захады ў выпадку, калі канфлікт ва Украіне разгарыцца з новай сілай.

Санкцыі ў дачыненні да Расеі увялі ў некалькі этапаў летась ЗША, Еўразвяз і яшчэ некалькі краін. Прычынай санкцый сталі ваенныя дзеянні ў Данбасе і далучэнне Крыму да Расеі.

У адказ Расея летась забараніла ўвоз шэрагу прадуктаў харчавання з краін, якія ўвялі супраць яе санкцыі. Расейскія ўлады лічаць, што ўсе неабходныя прадукты можна імпартаваць з дружалюбных дзяржаў.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў