Крэмль не дае беларусам зарабіць на санкцыях

video

https://www.youtube.com/watch?v=UqVSKgYnmYY

Турэцка-расейскі канфлікт, падобна, зачапіў і Беларусь. Наклаўшы эмбарга на турэцкую садавіну і гародніну, «Рассельгаснагляд» адначасова рэзка павялічыў пільнасць за імпартам расліннай прадукцыі з нашай краіны.

Паводле расейскага санітарнага ведамства, прынамсі чвэрць раслінных паставак з Беларусі – кантрабанда падсанкцыйных тавараў. Сёлета «Рассельгаснагляд» выявіў 417 падробных сертыфікатаў на тавары, знойдзеныя ў беларускіх фурах. Масква мяркуе, што пад выглядам памідораў ці ківі з Македоніі, Марока ды Паўднёвай Афрыкі беларусы завозяць еўрапейскія харчы, забароненыя гэтак званымі антысанкцыямі Крамля.

«Гэта – вялізная лагістычная сетка, якая існуе на тэрыторыі Беларусі, дзясяткі тысяч людзей працуюць на перапакоўцы тавараў. Фуры – ад ста да 150 фураў на дзень праходзяць на тэрыторыю Расеі, завозячы вось гэтыя тавары еўрапейскага паходжання» – зазначае Андрэй Суздальцаў, дэкан НДУ ВШЭ, Масква.

Раней «Рассельгаснагляд» вінаваціў афіцыйны Менск у тым, што ён практычна нівеляваў харчовыя санкцыі Крамля супраць Украіны. Паводле старшыні «Рассельгаснагляду» Сяргея Данкверта, 60 тысяч тонаў украінскага сыру, што паступаў раней на расейскі рынак, у значнай ступені ідзе цяпер у Беларусь, а адсюль, пад айчыннымі маркамі, – у Расею.

«Звычайны беларус нічога не мае, бо ён ніколі нічога з гэтага не атрымліваў. А, вядома, гэта мільярды долараў. Я лічу, што гэтыя грошы дзеляцца паміж удзельнікамі» – мяркуе экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец.

Адмысловы рэжым кантролю за раслінным імпартам з Беларусі набывае моц 7 снежня, але фактычна дзейнічае з канца лістапада, калі Масква забараніла турэцкія памідоры, што складалі дагэтуль амаль палову ад яе імпарту гэтай прадукцыі. У панядзелак расейская санітарная мытня развярнула назад у Беларусь груз турэцкіх таматаў. У аўторак на розных кантрольных пунктах беларуска-расейскай мяжы затрымала 9 фураў з садавіной – для выяўлення сапраўднасці беларускіх рээкспартавых сертыфікатаў.

«У межах еўразійскай інтэграцыі Лукашэнка нічога не парушае. Адзінае, чым можна спыніць гэтую кантрабанду ў межах еўразійскай інтэграцыі, гэта – сказаць, што яна – няякасная, адсюль такая роля, якую мае «Рассельгаснагляд». Фактычна, гэта – мытня, атрымліваецца» – тлумачыць Андрэй Суздальцаў.

Па выніках сённяшніх перамоваў з прадстаўнікамі «Рассельгаснагляду» намеснік галоўнага фітасанітарнага інспектара Беларусі Аляксандр Піскун заявіў, што найбліжэйшым часам Беларусь плануе саступіць даўнім патрабаванням Масквы і далучыцца да расейскай фітасанітарнай сістэмы «Аргус Фіта», якая дазволіць расейскім інспектарам адсочваць грузавыя плыні праз Беларусь у аўтаматычным рэжыме.

Змаганне «Рассельгаснагляду» супраць кантрабанднага рээкспарту праз Беларусь закранаюць прыбыткі бізнесоўцаў, блізкіх да Аляксандра Лукашэнкі, на сотні мільёнаў долараў. Але для звычайнага беларуса могуць згуляць станоўчую ролю. Бо калі імпартаваныя еўрапейскія харчы пачнуць заставацца ў Беларусі, а не выцякаць па кантрабандных каналах у Расею, то могуць стаць яшчэ больш даступнымі для спажыўца.

Станіслаў Івашкевіч, Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары