Крэмль адрэагаваў на абвінавачанні аб атручванні экс-супрацоўніка ГРУ


Прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў адрэагаваў на абвінавачванні ў датычнасці Масквы ў магчымым атручванні былога супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля.

«Не магу пракаментаваць. Што называецца, доўга сябе чакаць не прымусілі, кажучы па-руску, разумею, што гэта складана перакласці на ангельскую, але тым не менш», – заявіў Дзмітрый Пяскоў.

Ён падкрэсліў, што Крэмль не валодае ніякай інфармацыяй наконт таго, чым займаўся Скрыпаль і з чым можа быць звязаная трагічная сітуацыя.

«Вы ведаеце, як ён апынуўся на захадзе, у выніку якіх дзеянняў і рашэнняў. Я не буду гэтага паўтараць», – перадае словы прэс-сакратара «РИА Новости».

Пры гэтым ён адзначыў, што Масква заўсёды гатовая да супрацы па расследаванні.

Атручванне невядомым рэчывам

Расейца Сяргея Скрыпаля і жанчыну, чыё імя не называецца, знайшлі без свядомасці ў цэнтры ангельскага гораду Солсбэры ў нядзелю 4 сакавіка а 16:15. Ім стала кепска ў гандлёвым цэнтры. Абодвух даставілі ў больніцу ў крытычным стане з атручваннем невядомым рэчывам.

Паводле выданне «Salisbury Journal», ёсць звесткі, што пацярпелыя маглі атруціцца моцным апіятам фентанілам. Афіцыйных пацверджанняў гэтаму няма.

Хто такі Сяргей Скрыпаль

Да канца 1990-х Сяргей Скрыпаль служыў у расейскай вайсковай выведцы ГРУ. У 2006 годзе Скрыпаля, які на той момант быў палкоўнікам запасу, асудзілі ў Расеі на 13 гадоў па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Вялікай Брытаніі. У 2010-м Скрыпаля памілавалі. Разам з Ігарам Суцягіным, Аляксандрам Запарожскім і Генадзем Васіленкам (усе асуджаныя за дзяржздраду і іншыя злачынствы) яго абмянялі на 10 расейскіх «спячых агентаў», раскрытых у ЗША. Скрыпаль і Суцягін паехалі ў Вялікую Брытанію, а Запарожскі і Васіленка – у ЗША, паведамляў «Росбалт».

НМ, belsat.eu, фотаздымак Прэс-служба Маскоўскага акруговага ваеннага суда / ТАСС

Стужка навінаў