Краявіды, ад якіх займае дух. Найвышэйшыя горы ў свеце вачыма гамельчукоў


Гімалаі – найвышэйшыя горная сістэма Зямлі, якая прыцягвае як магніт людзей з усяго свету. Карэспандэнтка belsat.eu Ларыса Шчыракова ў складзе групы на чале з гомельскім фатографам Юрыем Біруковым выправілася ў горны паход вакол васьмітысячніка Манаслу.

Доўгая дарога да Непалу

Cпачатку было доўгае бадзянне па цягніках ды аэрапортах: цягнік з Гомля да Масквы, чаканне самалёту ў аэрапорце Дамадзедава (наўпроставага рэйсу Масква – Катманду няма, таму даводзіцца ляцець у Непал з перасадкай у ААЭ), каля 5 гадзінаў лёту да Шарджы, 7 гадзінаў чакання самалёту да Катманду, яшчэ 4 гадзіны лёту. Ушчэнт змучаныя, мы нарэшце прыляцелі ў сталіцу Непалу.

Часу на адпачынак губляць не сталі – пасля засялення ў гатэль пайшлі па крамах дакупаць турыстычны рыштунак: палкі, спальнікі, адмысловыя трэкінгавыя красоўкі, курткі і нагавіцы.

Арганізацыяй нашага паходу займалася мясцовая турыстычная фірма, якая забяспечыла нас гідам (на гэтым маршруце ён быў абавязковы), партэрамі, якія неслі нашыя рэчы (можна і не замаўляць, калі здароўе дазваляе несці ўгару заплечнік 15 – 20 кг.), транспартам, каб даехаць да горнай мясцовасці і «пермітамі» (дазволамі на наведванне нацыянальнага парку па якім праходзіць маршрут).

На наступны дзень, у абед мы на джыпе скіраваліся да пачатковай кропкі нашага трэкінгу. Дабіраліся да самай ночы, хаця адлегласць невялікая. У Непале нават па асфальтаванай дарозе хуткасць з-за серпантыну не больш за 60 кіламетраў на гадзіну. Па пясчанай ды камяністай дарозе давялося трэсціся добрых 6 гадзінаў. Калі мы нарэшце даехалі да месца прызначэння, бакі балелі ад бясконцых скокаў на ямінах і камянях, а самі мы былі пакрытыя тоўстым слоем чырвонага пылу.

«Лучше гор могут быть только горы…»

У адрозненні ад папулярных трэкінгавых маршрутаў вакол гары Анапурна, ці ў даліну Лантанг, паход вакол васьмітысячніка Манаслу дазваляе больш засяродзіцца на некранутай прыродзе і атрымаць асалоду ад велічнай цішы Гімалаяў. Тут заўважна менш турыстаў.

Перавага гэтага маршруту ў тым, што ён колавы – ня трэба вяртацца назад па той самай дарозе. Штодня мы праходзілі 5-7 гадзінаў, падымаліся на некалькі соцень метраў угару. Ішоў кожны ва ўласным тэмпе – адпачывалі, любаваліся краявідамі і фатаграфавалі.

У Гімалаях увесь час прыгадваецца Уладзімір Высоцкі:

«Внизу не встретишь, как не тянись,
за всю свою счастливую жизнь,
десятой доли таких красот и чудес».

Прыгожых краявідаў падчас трэкінгу безліч. Пры чым, змяняюцца яны вельмі хутка: камяністыя і лясістыя горы, вадаспады, ручаі, горныя рэкі, азёры і снежныя вяршыні. Найвышэйшая кропка нашага паходу – перавал Ларк’я Пас на вышыні 5 100 метраў.

Побыт – ад 4$, порцыя рысу – нават за 10$

Усе начоўкі і харчаванне адбываліся ў гэтак званых «гасцявых доміках» – дашчаныях ці каменных пабудовах рознай вышыні.

Пакой з двума ложкамі на ўсёй працягласці маршрута даволі танны – ад 400 да 600 рупіяў (4 – 6 долараў), што не скажаш пра ежу, якая даражэла з кожнай сотняй метраў угару. Напрыклад, порцыя рысу з дадаткамі на пачатку нашага маршрута каштавала 300 рупіяў (3 долары), а ўжо на самай вышэйшай кропцы – ужо 1000 рупіяў (10 долараў).

Рысавая страва «дал-бат» (рыс, да якога даецца міска сачавічнага супу і гародніна) – адна з самых папулярных і выгодных сярод турыстаў. Ейная адметнасць у Непале ў тым, што можна папрасіць дабаўку – такога ж памеру, як і порцыя, якую вы замовілі. З гэтае прычыны вельмі часта ашчадныя турысты бяруць адзін«дал-бат» на дваіх.

Меню горных кавярняў даволі беднае: апроч рысу, можна было замовіць некалькі страваў з бульбы, макароны, ляпёшкі з мукі і супы. На сняданак звычайна прапаноўвалі яйкі і аўсяную кашу. Амаль не было садавіны і гародніны. Што праўда, двойчы нам пашчасціла набыць яблыкі па 50-100 рупіяў (0,5 – 1 долар) за штуку. У якасці напояў кавярні прапаноўвалі з дзясятак гатункаў гарбаты. Агулам харчаванне ў гарах – аднастайнае і даволі дарагое.

Месца, дзе затрымаўся час

Горны маршрут вакол гары Манаслу праходзіў праз вёскі мясцовых жыхароў: гурунгаў, тамангаў, тыбетцаў.

Жывуць горныя народнасці традыцыйным жыццём. Вельмі часта ў месцах, дзе няма электрычнасці, выкарыстоўваюцца сонечныя батарэі. Можна атрымаць амаль поўнае ўяўленне аб ладзе жыцця сто ці нават дзвесце гадоў таму, бо змянілася няшмат.

Збольшага насельніцтва гэтай горнай мясцовасці досыць беднае, а побыт суворы.

Асноўныя заняткі мясцовых жыхароў – раслінаводства і жывёлагадоўля. Чым вышэй угару і, адпаведна, халадней, тым большае значэнне мае гадаванне рагатай скаціны.

Падчас вандроўкі мы пазнаёміліся і з рэлігійнай культурай гурунгаў і тыбетцаў. Апошнія – будысты, таму на ўсім маршруце мы бачылі шмат будысцкіх святыняў. На ўваходзе і выхадзе з вёскі стаяць брамы і каменныя збудаванні з малітвамі.

Аднойчы, нам пашчасціла трапіць на будысцкае набажэнства – пуджу. Мы ўбачылі ўвесь рытуал: пасля набажэнства ў памяшканні ўсе манахі і мясцовыя жыхары з песнямі і малітвамі абышлі святыню ды закапалі чэрап жывёлы.

Удзельнікі рытуалу да нас вельмі прыязна паставіліся, нягледзячы на тое, што мы ўвесь час пстрыкалі сваімі фотаапаратамі і даволі моцна заміналі. Падчас цырымоніі нам налілі гарбаты, а таксама павязалі адмысловыя белыя шалікі.

Горны паход – вялізарнае задавальненне і сур’ёзнае выпрабаванне для здароўя, волі ды характару. На вышыні, з прычыны недахопу кіслароду, часта баліць галава, нападаюць прастудныя захворванні ды ўзнікаюць праблемы са страваваннем.

Доўгія пешыя пераходы патрабуюць добрай фізічнай падрыхтоўкі і вытрымкі, але гэта ўсё дробязі ў параўнанні з незабыўнымі ўражаннямі і цікавымі знаёмствамі, якія знаходзіш сярод гэтых фантастычна прыгожых і велічных гор.

Ларыса Шчыракова, belsat.eu
Фота – аўтара і Юрыя Бірукова

Глядзі таксама
Каментары