Краўцэвіч: «У нас не хапае долі здаровага нацыяналізму!»


Гісторык тлумачыць, чаму беларусы не могуць пагаджацца, што «Армія Краёва» – героі, а ВКЛ пачыналася з тэрыторыі сучаснай Літвы.

«Кожны грамадзянін – мае быць адказным за ўсю краіну!» – так можна было б коратка сфармуляваць пасыл Краўцэвіча да беларускіх гісторыкаў, якім ён закідае недахоп прынцыповасці ў нацыянальных пытаннях.

Гісторык, публіцыст, адзін з аўтараў «Белсату» Алесь Краўцэвіч прачытаў у Менску лекцыю пра навуковы ды ідэалагічны складнік у напісанні гісторыі краіны. Ніжэй падаем найбольш цікавыя вытрымкі.

Там, дзе мы можам ганарыцца сваім, мы – прыніжаем

Мой закід беларускім гісторыкам: яны шукаюць аб’ектыўнасць, у той час як суседнія гісторыкі пішуць нацыянальную гісторыю. А мне гэта не падабаецца. У нас не хапае долі здаровага нацыяналізму. Нават там, дзе мы можам выпячваць сваё, мы – прыніжаем. Вось Вячорка пераклаў афіцыёзную гісторыю Летувы на беларускую. Але гэта прапагандысцкае выданне, дзе ВКЛ пачынацца з тэрыторыі сучаснай Летувы, там няма Беларусі! Дык навошта ў гэтым удзельнічаць?

Палякі могуць пісаць, што Міцкевіч быў курдуплем, мы – не

У нас каша ў галаве. Нам рана даваць альтэрнатыву людзям. Напрыклад, палякі могуць пісаць, што Міцкевіч быў курдёплем праз свой невысокі рост… Але яго вобразу, сфармаванаму больш як за сотню год, ужо нічога не зашкодзіць. Мы ж такога не можам пісаць пра сваіх герояў, час не прыйшоў.

«Армія Краёва» – героі ці…

«Армія Краёва» – гэта польская патрыятычная сіла, бясспрэчна. Але яны ваявалі, каб забраць нашыя землі, забівалі нашых настаўнікаў, палілі беларускія вёскі ды школы. Але ці пагадзіцца з гэтым паляк?.. Гэта тыповы прыклад праблемы, дзе не дасягнеш наднацыянальнай справядлівасці. Таму хай палякі пішуць гісторыю са сваёй пазіцыі, але мы проста абавязаныя пісаць са сваёй!

Беларусы не прыйшлі ў Горадню ў ХХ ст., яны былі ад пачатку

Адзін гісторык не так даўно выдаў кніжку «Нараджэнне беларускай Гародні» пра нацыянальны рух пачатку ХХ ст. Я пісаў яму: «Не падстаўляйцеся, напішыце «адраджэнне», хаця б… Навошта?» Кажа: «Каб выклікаць дыскусію…» Але ў мяне ўжо польскія гісторыкі пытаюцца: «А што за дзіўная назва?.». Гэта шкода для нашай нацыянальнай навукі, у тым ліку на міжнародным узроўні. А як жа дакументы, кнігі магістрацкія, археалагічныя надпісы па-старабеларуску з Горадні, якім шмат стагоддзяў? Беларусы ж не прыйшлі ў Горадню ў ХХ ст., яны былі тут ад пачатку.

На якой мове варта пісаць гісторыю

«Культуры не супрацоўнічаюць, культуры канкуруюць», – казаў Зануссі. «Той, хто гаворыць па-расейску, страляе ў свой народ», – казаў іншы, ужо наш палітык, якога палічылі радыкалам. Шмат хто з маладых гісторыкаў піша па-расейску… Але варты тэкст прачытаюць на любой мове! Калі я працаваў у Маскве, то бачыў як мясцовыя навукоўцы знайшлі дакуманты Інбелкульта. Дык стараліся ж, чыталі па-беларуску. Было б жаданне!

Каму спрыяла існаванне ВКЛ

Пытаюцца, чыя была дзяржава ВКЛ? Некарэктнае пытанне. Усе сярэднявечныя дзяржавы былі поліэтнічныя, збудаваныя на дынастыі, а не на нацыі. Але можам спытацца па-іншаму: якому народы спрыяла існаванне ВКЛ – летувісам ці беларусам? Акурат этнічны арэал беларусаў павялічыўся за кошт летувісаў – гэта аб’ектыўна. Беларусы апанавалі прастору ажно за Вільню. Вось вам і адказ на пытанне.

Сяляне ці шляхта?

Адзін шатландскі гісторык неяк спытаў: «Чаму да нацыянальнага руху вы не далучаеце польскамоўную магнатэрыю міжваеннага часу?» Бо яны гарой стаялі за польскую дзяржаву. Дык навошта нам такія эліты? У славакаў, чэхаў, літоўцаў было тое ж самае. Таму нашыя нацыянальныя рухі будаваліся на традыцыйнай сялянскай культуры, а не на паланізаванай ці германізаванай шляхце. Гэтага не трэба саромецца.

Падыход Ермаловіча – рэлігійны

Я вельмі шчаслівы, што не маю прыцягваць гістарычныя факты за вушы. Нацыянальная гісторыя – гэта гісторыя напісаная з пазіцыі сваёй нацыі, але з дапамогай навуковых ведаў. Гэта і навука, і ідэалогія. Я вельмі шаную таго ж Ермаловіча, ён зрабіў нацыянальны подзвіг, адкрыўшы для нас ВКЛ. Але розніца паміж ім і гісторыкам рацыянальным простая. Яго падыход да гісторыі – рэлігійны. А гісторык мае падыходзіць з навуковым апаратам.

Мураўёў-вешальнік і водаправодчык з анекдоту

Для прышчаплення нацыянальнага пункту гледжання на гісторыю ёсць СМІ і сістэма адукацыі. Але мы гэтага пакуль не маем. На пачатку 90-х гісторыкі за паў гады падрыхтавалі новыя падручнікі з нацыянальным стрыжнем. А ў 1995-м іх прыбралі… Працоўнаму трэба, каб напісалі ў «Праўдзе», каб настаўнік сказаў. Слушна даводзіў Мураўёў: «Што не зробіць рускі штык зробіць рускі настаўнік», і гэта працуе. Але ў нашым выпадку, як казаў вадаправодчык з анекдоту: «Усю сістэму трэба змяняць».

АК, belsat.eu

Стужка навінаў