«Красуй, Беларусь» Раінчыка зайгралі польскія і латышскія аркестры


У Парэччы пад Горадняй прайшоў фестываль духавой музыкі.

Мястэчка, як сказалі б раней, а сёння аграгарадок Парэчча, знаходзіцца на поўнач ад Горадні каля самай літоўскай мяжы. Гэта фактычна люстэркавы адбітак літоўскіх Друскенікаў, з санаторыямі ды аквапаркам, адно што без мінеральных водаў. «Фанфары сяброў» – сапраўдная атракцыя для зацішнага Парэчча, на якую тут чакаюць раз на два гады, а пасля абгаворваюць ажно да наступнага фестывалю.

У сёлетнім, чацвёртым па ліку фестывалі узялі ўдзел моладзевы аркестр польскага горада Сухаволя, Гарадскіх духавы аркестр Беластоку і калектыў з латыскай Ліепаі, гарадзенскі аркетср МНС ды інш. У якасці гаспадароў выступіла каманда «VIP Band Porechie» з мясцовай музычнай школы.

Паводле традыцыйнай праграмы, шэсце ў суботу пачалося ад будынку санаторыю праз Прывакзальны пляц да школьнага стадыёну, дзе ўжо чакала сцэна пад адкрытым небам. У якасці павагі да гаспадароў усе калектывы выканалі «Красуй, Беларусь» кампазітара Раінчыка ды яшчэ некалькі беларускіх твораў.

Агулам цягам двух дзён у мястэчку на беларуска-польска-літоўскім памежжы выступіла 12 калектываў. Нягледзячы на трывожнае надвор’е і пастаянную небяспеку залевы, свята ў мястэчку ўдалося.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары