Крамлёўскія паліттэхнолагі шукаюць суперніцу для Пуціна


Крэмль разглядае магчымасць вылучэння на выбарах у 2018 годзе жанчыны, якая б склала канкурэнцыю галоўнаму кандыдату на гэтую пасаду, піша расейскае выданне «Ведамасці», спасылаючыся на ўласныя крыніцы з атачэння кіраўніка Расеі.

Паводле суразмоўцаў выдання разглядаецца 5-7 кандыдатураў. Сярод іх, распавялі крыніцы, тры прадстаўніцы «Справядлівай Расеі» – старшыня Сацыял-дэмакратычнага саюзу жанчын Расеі Наталля Вялікая, лідар Нацыянальнага бацькоўскага камітэту Ірына Валынец і член Цэнтральнага савету Партыі Ірына Пецеляева.

Суразмоўцы выдання адзначаюць, што жанчыны ўжо двойчы былі кандыдатамі на выбарах прэзідэнта РФ. Тэхнолагі, якія працуюць над прэзідэнцкай кампаніяй, не могуць прапанаваць нічога новага, адзначылі блізкія да Крамля крыніцы.

У 2000 годзе ў прэзідэнцкіх выбарах удзельнічала Эла Памфілава (цяпер узначальвае ЦВК). Памфілава набрала 1,01 % галасоў. У 2004 годзе кандыдатам на пасаду прэзідэнта была Ірына Хакамада ад Саюзу правых сіл. Яна атрымала 3,84 % галасоў.

Выбары прэзідэнта РФ адбудуцца 18 сакавіка 2018 года. Уладзімір Пуцін пакуль афіцыйна не абвясціў, ці будзе ён вылучацца на чарговы тэрмін.

ЮВ, belsat.eu, паводле vedomosti.ru

Глядзі таксама
Каментары