«Крамбамбуля» выдасць апошні альбом, прэзентацыя ў Вільні (+ бясплатныя візы)


«Крамбамбуля» прэзентуе 7-га лістапада ў Вільні новы альбом «Чырвоны штраль», пасля чаго гурт плануе «сысці ў лясы». Канцэрт, які ахопіць новы матэрыял і лепшыя песні, адбудзецца ў новай канцэртнай залі «Compensa», разлічанай на 4 тыс. гледачоў. Беларусы могуць атрымаць бясплатныя візы.

«Чырвоны штраль» названы ў гонар культавай віленскай кавярні пачатку XX стагоддзя, дзе збіралася інтэлігенцыя, у тым ліку беларуская. Сярод гасцей былі Янка Купала і браты Луцкевічы. Ёсць звесткі, што ў 1916 годзе менавіта там адбылася знакавая сустрэча Луцкевічаў з прадстаўнікамі польскіх і літоўскіх колаў, пасля якой браты вырашылі імкнуцца не да аднаўлення Рэчы Паспалітай ці Вялікага Княства Літоўскага, а да незалежнай Беларусі, абвешчанай з іх удзелам у 1918 годзе пад сцягам БНР.

«Альбом «Чырвоны штраль» – гэта фантасмагорыя, у якой змяшалася мінулае, сучаснае і будучае Беларусі, адлюстраваныя з уласцівымі «Крамбамбулі» гумарам і іроніяй. Гэта апошні альбом гурта, пасля чаго мы сыдзем у лясы партызаніць. Іншых варыянтаў існавання ў сучасных умовах мы не бачым«, – распавядае Лявон Вольскі.

Гурт «Крамбамбуля» быў заснаваны ў 2002 годзе, як праект застольных песень. Вядомасць яму прынеслі хіты «Абсэнт», «Госці», «Турысты». Гэтыя песні спявала ўся Беларусь. Але ў 2004 годзе з шэрагам іншых выканаўцаў «Крамбамбуля» трапіла пад першую хвалю неафіцыйных забаронаў (да канца 2007), у 2011 годзе – пад другую.

На гэты момант на рахунку гурта пяць альбомаў, апошні з якіх – «Драбадзі-драбада» з пераспяванымі па-беларуску традыцыйнымі песнямі краін Еўропы – выйшаў у снежні 2011. «Крамбамбуля» – уладальнікі галоўнага прыза на ўзнагародах «Рок-каранацыя 2002», удзельнікі фестываляў у Беларусі, Украіне, Польшчы, Нямеччыне. У розны час у запісах і канцэртах прымалі ўдзел Сяргей Міхалок, Аляксандр Кулінковіч, Гюнэш Абасава.

Бясплатная віза на канцэрт (без консульскага збору) з тэрмінам з 6 да 8 лістапада ўключна выдаецца на падставе набытых у Беларусі квіткоў на мерапрыемства. Працэдура разгляду візавых хадайніцтваў – спрошчаная, таму даведкі з месца працы/навучання, пацверджанні плацежаздольнасці не патрабуюцца.

Падача дакументаў на візу ў амбасадзе Літвы ў Беларусі (Менск) і Генеральным консульстве Літвы ў Горадні ўжо адкрытая. Падача ажыццяўляецца толькі па папярэдняй рэгістрацыі на адмысловым сайце. Дакументы на візу могуць быць таксама прадстаўлены ў візавы цэнтр Літвы па месцы жыхарства (Менск, Гомель, Горадня, Берасце) з аплатай сэрвіснага збору (€ 18-20 еўра). Апошні дзень падачы дакументаў – 30 кастрычніка. Пакрокавая інструкцыя па атрыманні візы і рэгістрацыя на падачу дакументаў ТУТ.

Квіткі: танцпол – Br 620 тыс., сядзячыя – ад Br 860 тыс. да Br 1100 тыс. Продаж у Беларусі – у касах і на сайце Kvitki.by, а таксама ў паб-клубе «Графіці» (Менск, пер.Калініна 16).

Адрас пляцоўкі: Вільня, вул. Kernaves 84 (праз дарогу ад гандлёвага цэнтру «Ozas»).

Пачатак імпрэзы: 20.00. Уваход з 19.00.

Інфалінія ў Беларусі: 638-4444 з любога аператара

«Фэйсбук» – https://www.facebook.com/events/1637009276572251/

«УКантакце» – https://vk.com/krambambulia_vilnia

Стужка навінаў