Крама на першым паверсе «прагарэла», а па пазыках змушаюць плаціць жыхароў дому


У Горадні на жыхароў шматпавярховіка «раскінулі грошы» за камунальныя плацяжы, якія застаўся вінны ўладальнік крамы на першым паверсе.

Гарадзенскі шматпавярховік па вул. Таўлая 46 Б ужо каля году не мае спакойнага жыцця. Жыхары будынку ўпэўненыя, што на іх «павесілі» чужыя даўгі. А менавіта – запазычанасці сеткі харчовых крамаў «АлекантаМаркет».

Шыльда ды інтэр’еры засталіся на месцы, а вось камунікацыі за неаплаты ў гандлёвай кропцы адключылі яшчэ сёлета ў лютым. Нічога дзіўнага, бо плаціць фірма перастала… яшчэ ў верасні 2014 году. Але чаму за праблемы бізнесоўцаў маюць расплочвацца ўладальнікі кватэраў?..

«З такім пытаннем найперш я звярнулася ў Адміністрацыю Ленінскага раёну, – распавядае старшыня таварыства ўласнікаў Іна Шкляр, – мне адказалі, маўляў, дамова складалася з усім домам, таму няважна хто і што не плоціць. Дом адказвае за ўсё! Далей я звярнулася ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Адтуль ліст вярнулі ў Адміністрацыю…»

«Падайце на свайго старшыню ў суд!»

Паводле Іны Шкляр, калі рэвізійная камісія з ліку жыхароў нарэшце ўзяла дакументы бухгалтэрыі на праверку, там было бачна што ўсе адлічэнні на капітальны рамонт і датацыйныя сродкі скіроўваліся… на пагашэнне запазычанасцяў трэцяй асобы – то бок уладальніка той самай крамы!

Такому стану рэчаў «паспрыяў» папярэдні старшыня таварыства – Сяргей Пралат. У адказе Адміністрацыі так і гаворыцца: самі, маўляў, разбірайцеся са сваім старшынём. Напрыклад, падайце на яго ў суд.

Сорак мільёнаў – замалая сума для крымінальнай справы?

«Калі я ўбачыла, што мяне наўпрост ганяюць па замкнёным коле, – працягвае Іна Шкляр, – я звярнулася ў Аддзел барацьбы з эканамічнай злачыннасцю (АБЭЗ). Як вынік – з сакавіка гэтага году і дагэтуль вядзецца т. зв. «расследаванне».

АБЭЗ запатрабаваў аўдыт. У выніку жыхары самі зладзілі фінансавую праверку – за справу ўзяліся старшыня таварыства разам з бухгалтарам. Адлічэнні на капрамонт за паўтара гады склалі каля 40 мільёнаў, якія насамрэч былі выдаткаваныя на краму «АлекантаМаркет»… Але АБЭЗ папрасіў яшчэ больш дэтальную расшыфроўку акту.

«З АБЭЗу я дагэтуль не атрымала аніякага канкрэтнага адказу, – абураецца спн. Іна, – Крымінальную справу надалей адмаўляюцца ўзбуджаць. Маўляў, сума недастаткова вялікая. Але гэта абсурд! Нават за мільён пасадзіць могуць, а тут – сорак!

Жыхары прызнаюцца, што адзіным, хто ва ўсёй гэтай сітуацыі пайшоў ім насустрач аказаўся намеснік гендырэктара ГроднаЭнэрга. Ён даў адтэрміноўку на пагашэнне запазычанасці».

Сетка памерла. Ажыла. Але жыхарам дом ад гэтага не лепей…

Калі падагульняць, то на сённяшні дзень гандлёвая сетка «АлекантаМаркет» вінаватая жыхарам 107 мільёнаў. У красавіку разглядалася справа аб банкруцтве. Пачалі працаваць антыкрызісныя менеджары, арыштаваную маёмасць уладальніка сеткі выставілі на продаж. Агулам дзяржаве і розным банкам сетка была вінаватая больш за 18 мільярдаў рублёў.

…Але ўжо ўвосень гэтага году дырэктар паказаў, што яго сетка працуе (працуе насамрэч толькі адна крама з трох у горадзе), ідзе абарот. Арышты знялі, яго аднавілі на дырэктарскай пасадзе, вярнулі пячаткі. Тады ўзнікае пытанне: калі ўсё добра, дык чаму б не разлічыцца з жыльцамі? Пытанне, як кажуць, рытарычнае.



Кіраўнік «АлекантаМаркет» Віталь Пляга цягам некалькіх дзён так і не знайшоў час на тое, каб сустрэцца з журналістам belsat.eu і пракаментаваць сітуацыю: падчас тэлефанаванняў ён кожны раз быў то «за стырном», то «на паседжанні» і г.д. А пасля нагул перастаў здымаць слухаўку.

Старшыня таварыства ўласнікаў Іна Шкляр напрыканцы адзначае, што пасля году барацьбы адчувае стому і расчараванне ў дзяржаўных органах. Бо прыслухоўваліся і ставіліся па-людску адзінкі, большасць жа на просьбы аб дапамозе не звяртала ўвагу.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў