Краіны АДКБ рыхтуюць супольную аперацыю «Найміт»


Антытэрарыстычную аперацыю рыхтуюць у сувязі з сітуацыяй вакол «Ісламскай дзяржавы».

Краіны-чальцы АДКБ працуюць над фармаваннем адзінага спісу тэрарыстычных арганізацыяў, а таксама плануюць супольную антытэрарыстычную аперацыю «Найміт».

Пра гэта журналістам паведаміў намеснік генеральнага сакратара АДКБ Валерый Сямерыкаў.

«Рашэнне аб фармаванні адзінага спісу тэрарыстычных арганізацыяў прынялі летась. Такога механізму – фармавання адзінага спісу – я не ведаю ні ў адной з міжнародных арганізацыяў, але мы гэта зрабілі, прэзідэнты яго зацвердзілі, цяпер фармуем гэты спіс», – сказаў прадстаўнік АДКБ.

Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы аб’ядноўвае Арменію, Беларусь, Казахстан, Кіргізію, Расею і Таджыкістан. Мэта арганізацыі – «умацаванне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі ды стабільнасці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту краінаў-чальцоў».

Паводле Сямерыкава, у 2018 годзе АДКБ «плануе правесці спецыяльную аперацыю «Найміт» – і гэта звязана з сітуацыяй вакол «Ісламскай дзяржавы».

«Усім зразумела, колькі прадстаўнікоў нашых дзяржаваў знаходзяцца на тэрыторыі Сірыі, Афганістана і іншых краінаў, ды займаюцца тэрарыстычнай дзейнасцю», – цытуе Сямерыкава «Інтэрфакс».

ДД

Стужка навінаў