Краіна папаўняе бюджэт: замежнікам дазволілі адстрэльваць рэдкіх птушак


Днямі Лукашэнка падпісаў указ № 112, які «ўдасканальвае» правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі. Насамрэч новаўвядзенні яшчэ больш пагаршаюць умовы жыцця і размнажэння крылатых.

Паляваць на птушак увесну забаронена ва ўсёй Еўропе, акрамя Мальты і Расеі. Яшчэ адно выключэнне – Беларусь, дзе чыноўнікі не толькі павялічылі тэрміны палявання, але і пашырылі спіс відаў. Цяпер забіваць можна птушак, якія да нядаўняга часу былі ў Чырвонай кнізе.

Пад пагрозаю знішчэння:

  • гусь-піскулька
  • белавокі нырок
  • вялікая белая чапля
  • шэрая гусь ды іншыя віды

Яшчэ большай лібералізацыяй да нас хочуць прыцягнуць замежнікаў. Паводле Мінлесгасу, яны прыносяць 40% ад усіх даходаў айчынных паляўнічых гаспадарак.

Дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі ў размове з «Белсатам» распавёў, якую шкоду прыносіць беларускай прыродзе бескантрольнае вынішчэнне жывёлінаў.

«Большасць птушак увесну ў Беларусі забіваюць замежнікі. Напрыклад, італьянцы. Да нас прыязджаюць самыя бязлітасныя. Яны або зарабляюць на гэтым (напрыклад, здаюць у рэстараны). Або гэта зацятыя стралкі, якім важна забіваць птушак сотнямі. Адстрэльваюць столькі, што вывозяць фурамі».

Квотаў і абмежаванняў на адстрэл колькасці асобінаў у Беларусі нават увесну няма. Іншаземцы плоцяць за кожную птушку, якую забіваюць.

«Чым больш яны заб’юць, чым даўжэй яны палююць, тым лепей для бюджэту гаспадаркі».

Аляксандр прыводзіць у прыклад качку-свіцьву. У нас іх гняздуюць адзінкі, але праз Беларусь у Расею ляцяць вялікія зграі.

«Вось яны хочуць валюту і зарабіць на расейскіх птушках. Вядома, нашыя птушкі таксама пацярпяць».

У Еўразвязе дзейнічае Дырэктыва па дзікіх птушках, якая забараняе страляць птушак падчас веснавой міграцыі. Акрамя таго ёсць міжнароднае пагадненне па ахове Афра-Еўразійскіх мігруючых водна-балотных птушак (AEWA) і Бернская канвенцыя. Беларусь іх падпісала з выключэннем, пакінуўшы вясновае паляванне.

Вясновае паляванне дазволенае не толькі ў паляўнічых гаспадарках, але і ў нацыянальных парках. Аляксандр кажа, што нацыянальныя паркі наўмысна лабіююць змены па зняццю абмежаванняў з паляўнічых, бо ў першую чаргу яны зарабляюць на замежніках.

 

«Напрыклад, нацыянальны парк «Прыпяцкі» знаходзіцца на важнейшым пралётным шляху птушак. Праз яго ляцяць сотні тысячаў птушак. Некаторыя застаюцца гнездавацца. Але забіваюць усіх, без разбору. Гэта быў важнейшы цэнтр у Еўропе для вываду птушак, а цяпер нават звычайныя віды пасля вясновага палявання цяжка ўбачыць».

Яшчэ адна праблема – паляўнічыя не адрозніваюць птушак і адстрэльваюць віды пад аховаю.

«Напрыклад, белашчокая казарка адрозніваецца здалёк. Але бʼючы гусей на ляту, паляўнічыя страляюць усіх запар. Піскульку ад белабогай гусі нават не ўсе арнітолагі могуць адрозніць і зразумела, што кожны год яны гінуць ў Беларусі. Увесну забаронена страляць самак качак, але і самак адстрэльваюць таксама, асабліва замежнікі. Кошт памылкі вясной вельмі высокі. Гусь, згубіўшая партнёра, не будзе размнажацца ў гэтым годзе».

Еўрапейская папуляцыя піскулек – усяго 250 параў. У Нарвегіі і Швецыі існуюць спецыяльныя ахоўныя праграмы, а ў Беларусі – страляюць кожны год. Увесну палююць толькі ў Беларусі (у Расеі 10 дзён, на Мальце можна паляваць на 1 від – перапёлку).

Праз ранняе веснавое паляванне многія рэдкія птушкі не выводзяць птушанятаў.

 

 

«Гэта падобна да сітуацыі з нераставай рыбай. Сваім можна забараніць, а за грошы прыязджайце лавіце ўсё, што хочаце».

Калі раней на працягу 5 гадоў беларусы і замежнікі маглі паляваць цягам 28 каляндарных дзён вясны (чатыры дні на тыдзень), цяпер у складзе арганізаваных тураў можна будзе паляваць два вясновыя месяцы (датычыць замежнікаў).

Беларускія паляўнічыя ўвесну могуць паляваць 28 паляўнічых дзён (то бок, практычна ўсе выходныя на працягу тых самых двух месяцаў). Такім чынам, у карыстальніка паляўнічых прастораў ёсць магчымасць зменшыць лік дзён палявання на тыдзень, але падоўжыць сам перыяд.

Аляксандр Вінчэўскі не выключае, што новаўвядзенні не спадабаюцца беларусам і іх яшчэ раз зменяць.

«Беларусы могуць выступіць супраць таго, што замежнікам дазволілі паляваць даўжэй. Таму могуць быць змены, і нашым паляўнічым таксама дазволяць страляць цягам двух месяцаў».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў