Краіна «Мордой в пол». Аляксандр Тамковіч пра дзень болю


Сказаць нешта новае пра менскія падзеі 25 сакавіка 2017 года вельмі цяжка, таму я нават спрабаваць гэтага не буду. Дэбют на Belsat.eu усё ж такі. Скажу лепш тое, што многім непрыемна будзе пачуць.

На мой погляд, сёння прайгралі адразу два бакі – і ўлада, і апазіцыя. Лукашэнка, тым, што страціў апазіцыю «якой трэба даплачваць». А апазіцыя пазбавілася манаполіі на іншадумства, бо народ даказаў, што спакойна можа абысціся і без яе.

Шчыра кажучы, штатныя апазіцыянеры (паважаю тых, хто «знік» або трапіў за краты) ўжо крыху стамілі. І стомленасць гэта не толькі ад адсутнасці перамог. Надакучыла чуць пра паходы «ад дзвярэй да дзвярэй» і дэфіцыт «цяплічных умоваў». Маўляў, вынікі былі бы значна лепшымі, калі б сітуацыя была нармальнай.

Цалкам згодны з такой высновай. Як і з тым, што не ведаю прыкладаў, калі б улада не па глупству дапамагала апазіцыі саму сябе пахаваць. Наадварот, некаторыя гатовыя яе бараніць «з аўтаматам у руках», і ператварыць Дзень Волі ў дзень болю.

Вельмі падобна на тое, што беларуская «лібералізацыя» павярнулася да ўсіх нас тым, што паэт Саша Чорны, называў «седалищем».

Зрэшты, гэтага і трэба было чакаць.

Раб па вызначэнню не можа шчыра любіць свайго гаспадара. «Любіць» толькі да той пары, пакуль гаспадар яго корміць. Або пужае бізуном. Як толькі абедзве «праявы любові» перастаюць «працаваць», паяўляюцца «спартакі».

Дарэчы, рабамі бываюць не толькі, тыя, каго б’юць, але і тыя, хто б’е. Даводзілася бачыць шмат міліцыянтаў, якія, як толькі асабіста траплялі пад «каток сістэмы», адразу ўспаміналі пра правы чалавека і цалкам забывалі пра тое, што некалі самі былі гэтым «катком».

На мой погляд, нешта падобнае павінна адбыцца і з усімі тымі, каго сёння трапна называюць шунявкамі. Я супраць любога фізічнага гвалту, але ўпэўнены: калі сын спытае бацьку, чаму ўсе вакол называюць яго фашыстам, той будзе менш фанатычна махаць гумовым «дэмакратызатарам»…

Таксама прынцыпова лічу, што кроў менскіх дэманстрантаў ляжыць не толькі на міліцэйскіх дручках, але і на гальштуках і блузках рознага рангу еўрачыноўнікаў і еўрачыноўніц. Шматлікія рыгоні вінаватыя не толькі ў адсутнасці нейкай хуткай рэакцыі на менскія падзеі, да чаго прызываў паважаны мной Алесь Бяляцкі, але і ў тым, што яна больш за два дзесяцігоддзі не такая эфектыўная, як бы таго хацелася.

Нельга гуляць у шахматы з тым, хто робіць гэта «дошкай па галаве» і ведае, што яму за гэта нічога не будзе. Вельмі хочацца памыліцца, але ёсць сумная ўпэўненасць у тым, што ніхто не адменіць запрашэнне ў Злучаныя Штаты Амерыкі, або правядзенне ў Менску ліпеньскай сесіі ПА АБСЕ.

Пра нешта больш сурёзнае я нават і не кажу, бо хутчэй за ўсё тыя, на каго беларусы так некалі спадзяваліся, «адмахнуцца» рэплікай пра «абурэнне», або чарговай рэзалюцыяй, дзе за гучнымі словамі (як заўсёды) не будзе ніякіх канкрэтных дзеянняў.

А фразу, якая стала часткай назвы гэтай калонкі, я «падслухаў» у вядомай праваабаронцы Раісы Міхайлоўскай, якая ў экстрэмальным «інтэрвю» «Белсату» паспела расказаць, як 57 наглядальнікаў і журналістаў прымусілі «панюхаць» падлогу выкінутай са свайго офісу і краіны «Вясны».

Тое ж, што назва напісана адразу на двух дзяржаўных мовах, цалкам не выпадкова, бо вельмі красамоўна сведчыць пра так пажадае для ўлады двухмоўе. З той толькі розніцай, што ў пераважнай большасці гучалі гэтыя мовы па розныя бакі шчытоў. З боку дэманстрантаў – беларуская і руская, з боку «касманаўтаў» – толькі руская.

belsat.eu

Стужка навінаў