Краіна, куды баяцца ехаць расейскія чыноўнікі?




Да бясконцай спрэчкі за кошт расейскага блакітнага паліва як на снежны ком наляпляюцца новыя праблемы.

Пагрозы ўвогуле забараніць пастаўкі беларускай Ялавічыны, загады садзіць расейскіх чыноўнікаў і як апагей стасункаў паміж удзельніцамі Саюзнае дзяржавы – фактычна аднабаковае ўсталяванне мяжы.

«Расейскі бок гэтымі дакументамі прыраўняў у правах і абавязках грамадзянаў Рэспублікі Беларусь да грамадзянаў трэціх краінаў. Да замежнікаў. А вось гэта відавочна разыходзіцца з базавымі прынцыпамі і духам беларуска-расейскіх дачыненняў», – паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Калі пасярод Саюзнае дзяржавы зʼяўляецца мяжа – гэта даволі дыпламатычнае акрэсленне ўзроўню інтэграцыі. Нібыта каб падкрэсліць дух двухбаковых стасункаў, у Крамлі заявілі, што анансаваная на чацвер сустрэча Лукашэнкі і Пуціна адкладаецца на нявызначаны час. Прычым, паводле адмыслоўца, гэта не пазіцыя Крамля. Гэта Лукашэнка працягвае байкот – на санкт-пецярбургскую сустрэчу наконт АДКБ напрыканцы мінулага года ён таксама часу не знайшоў.

«Масква спрабуе ўцягнуць Беларусь у вайскова-палітычную канфрантацыю з Захадам, размесціць свае войскі, інфраструктуру на тэрыторыі Беларусі і такім чынам павысіць узровень кантролю над нашай краінай, што безумоўна будзе мець самыя сурʼёзныя наступствы для нашага суверэнітэту», – кажа Арсен Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў.

Тады як Менск куды больш цікавяць надзённыя эканамічныя пытанні, чымся расейскае бразґанне зброяй. У адказ на ўсё новыя абмежаванні ўсходняга хаўрусніка Лукашэнка фактычна выклікаў на дыван чарговага расейскага чыноўніка. «Стварылі інтэграцыю. Мяне гэта хвалюе. Я пра гэта кажу, а гэта выклікае нейкае неразуменне, або адкіданне ў Маскве», – разносіў Лукашэнка інтэграцыйныя праекты Крамля перад губернатарам Кастрамской вобласці Сяргеем Сітнікавым. Чатыры месяцы раней такую ж рыторыку мусіў выслухаць сакратар Саюзнае дзяржавы Рыгор Рапота. Ужо тады было відавочна – паміж хаўруснікамі ладу няма.

«Калі ў цывілізаваных гандлёвых адносінах усё даўно замацавана дамовамі і ўсе жывуць ад дамовы, да дамовы, то ў адносінах Беларусі і Расеі дамовы нічога не значаць. У любы момант адзін з бакоў – часцей гэта Беларусь хоча ў пэўны момант дамову замяніць, плаціць іншую, танейшую – »справядлівую«, як гэта называе Лукашэнка цану», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

У выніку братнія і саюзныя дачыненні пайшлі ў крутое піке. Адразу ж пасля загаду Лукашэнкі распачаць справу супраць кіраўніка «Рассельгаснагляду» у Маскве пастанавілі, што Менск перапрадае ўкраінскую Ялавічыну, а ў чацвер, калі ўжо было відавочна, што сустрэча не адбудзецца, Расея пагразіла ўвогуле не набываць беларускага мяса. Дайшло да таго, што кіраўнік Беларусі згадаў самы сакральны козыр – вайсковы хаўрус.

«Мы ў НАТО не імкнемся, мы свята ахоўваем нашую дамову пра абарону нашай прасторы. Як я заўсёды кажу – нашай супольнай Айчыны», – заявіў Лукашэнка.

Адметна, што гучныя заявы ляцяць толькі з Беларусі. Расея ж без афіцыёзу, аднабакова ўзводзіць мяжу, забараняе беларускія прадукты і без лішняга гоману не саступае ўва ўпартасці Менску ў газавай спрэчцы. Затое расейскія медыі не маўчаць і задаюць канфліктны трэнд, мяркуе адмысловец.

«Трэба рыхтавацца да крызісу ў расейска-беларускіх адносінах, бо як паказвае аналіз і расейскіх медыяў і тых публікацыяў, што друкуюцца ў розных выданнях пры дзяржаўных інстытуцыях, расейскі бок сваё грамадства да гэтага канфлікту рыхтуе ўжо амаль два гады», – кажа Арсен Сівіцкі.

Выходзіць жа трэба было да таго, як нашая краіна трапіла ў безумоўную залежнасць ад Крамля. Цяпер жа ўлады Беларусі нібыта ідуць на пэўныя непапулярныя крокі, якіх патрабуе той жа Міжнародны валютны фонд, кшталту павышэння пенсійнага ўзросту, але сапраўдных рэформаў беларуская палітычная мадэль ня можа сабе дазволіць. Чаму?

«А таму, што ёсць рэчы важнейшыя за эканамічны дабрабыт – гэта эканамічная стабільнасць. І кожную рэформу Лукашэнка разглядае з гледзішча – ці не пашкодзіць яна ягонай уладзе», – упэўнены Віталь Цыганкоў.

Праблема ў тым, што цяпер і заняты сваймі войнамі Крэмль ня можа або ня хоча забяспечыць эканамічнае стабільнасці свайму хаўрусніку. Асабліва калі яго апетыты няспынна растуць, як бачым на прыкладзе той ж газавай спрэчкі.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Глядзіце іншыя тэмы ў «ПраСвеце»

Стужка навінаў