Кожны пяты працаўнік на беларускіх заводах – лішні

video

Фота – president.gov.by

Беспрацоўе, якое мы назіраем цяпер, гэта – яшчэ кветачкі. Сапраўдныя складанасці – наперадзе. Гэта вынікае са справаздачы Еўразійскага банку развіцця, якую цытуе агенцтва БелаПАН.

Залішняя занятасць у 20 % – адна з ключавых прычынаў фармавання дысбалансаў у нашай эканоміцы, бо правакуе дэвальвацыю, рост коштаў і робіць айчынную прадукцыю неканкурэнтаздольнаю, канстатуюць адмыслоўцы банку.

«Усе дзяржаўныя прадпрыемствы працуюць, за рэдкім выключэннем, са стратамі. Яны заўсёды трымаліся на дзяржаўных крэдытах. Зараз, відавочна, надышоў час лічыць куды грошы і на што грошы», – тлумачыць Генадзь Фядыніч, старшыня прафсаюзу РЭП.

Паводле ўмоваў, на якіх Еўразійскі банк развіцця даў Менску выратавальны крэдыт памерам $ 2 млрд, цягам гэтага і наступнага года ўлады мусяць скарачаць дзяржаўнае падтрыманне, якое выдзяляецца ў форме дырэктыўных крэдытаў. Адмыслоўцы банку прагназуюць, што пераход да больш рынкавых умоваў прымусіць дзяржаўныя прадпрыемствы скарачаць свае штаты яшчэ больш актыўна, чымся дагэтуль.

«Частка людзей, асабліва з моладзі, будзе зʼязджаць з краіны, зʼязджаць у другія месцы, дзесьці шукаць уладкаванне, ну а тыя людзі, якія больш сталага ўзросту, безумоўна, гэта будзе вельмі вялікая праблема для дзяржавы, асабіста для кожнай сямʼі», – мяркуе Генадзь Фядыніч.

У межах стабілізацыйнай праграмы ўлады мусяць да 1 верасня прыняць пакет законаў, якія забяспечваюць адпаведную абарону работнікаў, што пераходзяць у стан беспрацоўных. У траўні Міністэрства працы распрацоўвала праект павелічэння дапамогі ў беспрацоўі, якая, на сённяшні дзень, складае $ 13 – найніжэйшы ўзровень у СНД.

Паводле распрацоўнікаў праграмы, працаўнікі, звольненыя з дзяржаўных прадпрыемстваў, маюць перацякаць у больш эфектыўныя галіны вытворчасці, якія для іх будзе ствараць прыватны сектар. Але незалежныя прафсаюзы асцерагаюцца, што, без незалежных судоў ды парламенту, існая бюракратычная сістэма будзе працягваць перашкаджаць бізнесу выконваць гэтую функцыю.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары