Кожны, хто перажыў нямецкую акупацыю, станавіўся патэнцыйным ворагам для савецкай улады


[vc_single_image image=”0″ img_size=”large”]

Аўтаматычнае залічэнне да калабарантаў, высылкі ў Сібір – пра гэтыя і іншыя факты жыцця беларусаў пасля заканчэння вайны belsat.eu распавёў гісторык Ігар Мельнікаў.

Выкладаеш беларускую мову? Калабарант

3 ліпеня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень незалежнасці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Паўсюль зноў і зноў паўтараюцца гераічныя гісторыі подзвігаў і пафасныя пераможныя лозунгі. Але не ўзгадваецца пра тое, што жыццё беларусаў з акупаванай тэрыторыі пасля яе вызвалення было не такім ужо радасным. Людзі зноў цярпелі, бо сталіся закладнікамі савецкай сістэмы, сцвярджае Ігар Мельнікаў.

Паводле гісторыка, у пасляваенныя гады савецкая ўлада прынялася актыўна шукаць калабарантаў і пасобнікаў  нацысцкага рэжыму сярод мірнага насельніцтва. Кожны чалавек, які жыў пад акупацыяй, аўтаматычна падазраваўся ў тым, што ён супрацоўнічаў з фашыстамі. Прыхільнікаў нацыянальных інтарэсаў Беларусі таксама прыпісвалі да здраднікаў. Напрыклад, школьнага настаўніка, які выкладаў беларускую мову, маглі палічыць калабарантам. Што аспрэчыць было амаль немагчыма.

Аж да 1992 года пры паступленні на працу, у войска або ў навучальныя ўстановы трэба было запоўніць анкету з пытаннем «Што рабілі Вы і Вашыя блізкія падчас акупацыі?». Асабліва пільна гісторыя сям’і правяралася, калі чалавек хацеў выехаць за мяжу. Усе чыноўнікі, прэтэндэнты на высокія пасады ці працу ў міліцыі мусілі праходзіць праверкі ў КДБ. І ў лепшым выпадку, кажа гісторык, гэта была проста правяранне. У горшым – адразу адмаўлялі ў працы або выездзе за мяжу.

Датычыла гэта, зазначае Ігар Мельнікаў, не толькі Беларусі, але і Прыбалтыкі, Украіны, акупаванай часткі Расеі (Смаленская, Бранская, Пскоўская і іншыя вобласці). Адмянілі гэтыя анкеты толькі пасля развалу СССР.

Не дапусціць распаўсюду вальнадумства на ўсходзе

Пошук пасобнікаў, паводле гісторыка, працягваўся да канца 80-х гадоў. Спадар Мельнікаў зазначае, што шукаць варта было, і насамрэч былі людзі сярод беларусаў, бралі ўдзел ў карных акцыях. Але такіх людзей былі толькі сотні на дзесяткі мільёнаў.

 «У Савецкім Саюзе не ўмелі шкадаваць насельніцтва», – зазначае гісторык. І праявілася гэта не толькі ў анкетах з пытаннем пра жыццё падчас акупацыі, а раней, яшчэ да вайны. Калі ў 1939 годзе Заходнюю Беларусь далучылі да БССР, савецкае кіраўніцтва дало загад захаваць старую мяжу – так званую «лінію загароды». І хоць краіна ўжо была адна, аднак заходнікаў звычайна не пускалі ва ўсходнюю частку. «Гэта выклікала здзіўленне і пытанне ў новых грамадзянаў Беларусі – «Калі нас пусцяць у Менск?» – распавядае Ігар Мельнікаў.

Чытайце таксама >>> Правал «Суворава» у Беларусі. Як Сталін не змог узяць Менск амаль на год раней

Адбывалася так таму, што жыхары Заходняй Беларусі ўсцяж успрымаліся як «варожыя элементы», якіх небяспечна пускаць на савецкую тэрыторыю. Апроч таго, трэба было ўраўняць БССР эканамічна, бо заходняя частка была значна багацейшая.

«Але галоўная праблема – што людзі з захаду па-іншаму думалі. І трэба было не дапусціць распаўсюду гэтага вальнадумства на ўсходзе, – кажа спадар Мельнікаў. – А калі пачалася вайна, трагедыя жыхароў Заходняй Беларусі была ў тым, што з-за гэтай «лініі загароды» значная частка жыхароў заходніх абласцей БССР не змагла своечасова эвакуявацца на тэрыторыю БССР і далей на ўсход».

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Не ветэраны, бо ваявалі не ў Вялікай Айчыннай, а ў Другой сусветнай вайне

Не ўсе беларускія жаўнеры, што змагаліся з нямецка-фашысцкай акупацыяй, былі роўныя ў сваіх заслугах перад дзяржавай. Шмат нашых суайчыннікаў падчас Другой сусветнай вайны былі жаўнерамі так званай «арміі Андэрса», якая змагалася на Захадзе, брала ўдзел у бітвах пад Монтэ-Касіна, прайшла Італію, Францыю, была ў складзе брытанскай арміі.

Тых жаўнераў, што пасля вайны засталіся за мяжой, пачаў апрацоўваць КДБ, каб яны вярталіся ў СССР. І шмат хто сапраўды вярнуўся – у 1946–48 гадах. Прыйшоў 1951 год і ўсіх дэпартавалі ў Сібір. Каліі яны вярталіся ў Савецкі Саюз пасля амністыі ў 1953–56 гадах, то не атрымлівалі статусу удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Маўляў, яны бралі ўдзел не ў Вялікай Айчыннай вайне, а ў Другой сусветнай вайне. І толькі ў 1995 годзе, ужо ў незалежнай Беларусі, яны атрымалі статус ветэранаў ВАВ і юбілейныя медалі.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

«Абрубкі» і «самавары»: інваліды псавалі імідж краіны-пераможцы

У 1950–60-я гады ў Савецкім Саюзе пачалі пазбаўляцца ад вайсковых інвалідаў і калек, ад людзей, якія самае галоўнае аддалі за перамогу – сваё жыццё і здароўе, згубілі ногі, рукі – нагадвае спадар Мельнікаў яшчэ адну старонку жыцця вызваленай дзяржавы.

Такіх людзей, паводле гісторыка, былі мільёны. Савецкі саюз не мог іх забяспечыць нармальнай пенсіяй і жытлом. Яны былі вымушаныя жабраваць. І гэта псавала агульны выгляд савецкай сістэмы. Маўляў, мы тут галоўныя на ўвесь свет пераможцы, а тут вось трапляюцца гэтыя «абрубкі» або «самавары», як іх называлі. І іх збіралі і звозілі ў спецыяльныя санаторыі на поўначы Расеі. І толькі ў 1970-80-я гады туды трапілі журналісты, і пра гэта стала вядома.

«Пра гэтых людзей – сапраўдных герояў, забылі. Вось вам і твар савецкай сістэмы», – зазначае гісторык. І дадае, што ёсць інфармацыя, што таксама ў Беларусі былі такія спецсанаторыі. «Не трэба баяцца трагічнай праўды. Унёсак савецкага жаўнера ў перамогу вялікі, і гэта варта пазначаць і падкрэсліваць. Але трэба яшчэ казаць і пра кошты ўсяго гэтага, пра тое, колькі людзей паклалі», – кажа гісторык.

Маўчаць пра трагічныя старонкі вайны і жыцця пасля яе, паводле спадара Мельнікава, бо ў савецкія часы быў створаны міф: галоўнае, што «мы перамаглі, а ўсе іншыя справы – гэта ўжо другаснае». І гэты савецкі пафас цяпер, асабліва ў Расеі, пераходзіць у імперскую рыторыку – мы перамаглі амаль увесь свет, і без нас бы нічога не атрымалася.

«І яны забываюцца пра Другі фронт, пра лэнд-ліз, пра дапамогу амерыканцаў і брытанцаў, і што тую ж Беларусь вызвалялі на «Ст’юартах» і «Шэрманах» амерыканскіх», – зазначае адмысловец. Ад савецкага пафасу ў поглядах на Вялікую Айчынную вайну трэба адыходзіць, упэўнены гісторык. Гэта не азначае, што беларусы перастануць з павагай ставіцца да перамогі. Але і пра іншы, трагічны і непрыгожы бок вайны і таго, як Савецкі Саюз абыходзіўся з грамадзянамі пасля яе, людзі маюць права ведаць.

«Гістарычная праўда павінна быць адкрытая для грамадства. У людзей мусіць быць магчымасць спрачацца. Трэба, безумоўна, адкрыць архівы. Не баяцца трагічнай праўды пра вайну і пра жыццё пасля яе», – кажа гісторык.

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў