Кожны беларус «зарабіў» на суботніку Br 22 600


На рэканструкцыі стадыёна «Дынама» Лукашэнка зарабіў $ 1 (адзін долар).

Адкуль такая сума?

На сённяшнім суботніку працавалі 3 млн і 2 тыс. чалавек. Удзел у ім узялі таксама чыноўнікі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам, які працаваў на спецыяльна вычышчаным за некалькі дзён да ягонага прыезду сталічным стадыёне «Дынама». Кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Косінец будаваў музейны квартал. Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў займаўся пасадкаю дрэваў у Лагойску, там жа чыноўнік агучыў першыя афіцыйныя лічбы: прыбытак ад правядзення мерапрыемства складае амаль Br 70 млрд. Прэс-служба Савету міністраў абнавіла дадзеныя: зарабілі Br 67,7 млрд.

На пасадцы дрэваў у Лагойскім лясгасе Кабякоў зарабіў $ 1 (адзін долар).

«Белсат» запытаўся эканаміста Міхала Залескага, адкуль узялася гэтая статыстыка. «Усе лічбы фальшывыя, колькі ім скажуць – столькі і намалююць», – адказаў эксперт.

$ 1 за дзень

На самой справе ўдзельнікі суботніка зарабілі яшчэ менш: «добраахвотныя» ўнёскі з працаўнікоў дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў пачалі збіраць загадзя. Часам людзей проста ставілі перад фактам.

«Мы не скідываліся. Нам сказалі, што здымуць з заробку. Колькі – не абʼяўлялі», – кажа адна з удзельніцаў суботніку.

Сума залежыць ад пасады. Людзі пішуць пра гэта на форумах і ў сацыяльных сетках: у кагосьці здымаюць Br 20 тыс., у кагосьці – Br 150 тыс.

Грашовае ахвяраванне не звальняе з неабходнасці выканаць грамадскі абавязак рукамі. У адной з віцебскіх медычных установаў працаўнікоў пераканаўча папрасілі паставіцца да такіх «пабораў» з разуменнем і без лішніх каментароў.

Што зробяць з «заробленымі» грашыма?

Іх пералічаць у аблвыканкамы і Менскі гарвыканкам, а яны аддадуць 50% сродкаў Міністэрству фінансаў. Гэтыя грошы Мінфін накіруе Гомельскаму аблвыканкаму для праектавання і будаўніцтва Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай больніцы.

Тыя сродкі, што застануцца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму, скіруюць на рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў для дзяцей, якія пацярпелі ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў да летняга сезона. У Берасцейскай вобласці грошы таксама выдзеляць на будаўніцтва моладзевага патрыятычнага цэнтру.

Хто гэта ўсё прыдумаў?

Рух суботнікаў узнік на заклік Уладзіміра Леніна, у перыяд Грамадзянскай вайны ў 1919 годзе, і на пачатку сваёй гісторыі сапраўды быў справай абсалютна добраахвотнай. Аднак са змяншэннем энтузіязму насельніцтва, у 30-ыя, «суботнікі» пачалі мець прымусовы характар. Прадпрыемствы проста выкарыстоўвалі добраахвотную працу сваіх рабочых дзеля эканоміі заработнай платы. А з часам пераўтварыліся ў характэрную рысу сацыялістычнага ладу жыцця.

«Савецкія людзі кіруюць Беларуссю, камуністы. Не было ў нас змены элітаў, таму не адбылася і змена мерапрыемстваў», – кажа Міхал Залескі.

Альтэрнатываю суботнікаў па ўсім свеце ёсць праца валанцёрскіх рухаў і недзяржаўных грамадскіх арганізацыяў, якія без прымусу і за добраахвотныя ахвяраванні робяць падобную працу штодня. Але ў нашай краіне, такая мадэль ніколі не знаходзіла падтрымання дзяржавы.

ІК, ДД

Глядзіце відэарэпартаж з суботніка.

Глядзі таксама
Каментары