Кошты на бензін прывязалі да курса долара


Ад сёння кошты на бензін павысіліся ў сярэднім на 4 %. «Белнафтахім» таксама абвесціў, што цэннікі на запраўках будуць наўпрост залежаць ад курсу долара.

Дзяржаўны канцэрн вызначыў, што максімальны кошт на бензін маркі АІ-92-К5-Еўра паступова будзе набліжаны да эквіваленту $ 1. Кошты на іншыя маркі паліва будуць змяняцца «з захаваннем цяперашніх коштавых суадносінаў паміж АІ-92-К5-Еўра ды іншымі маркамі паліва».

Мадэрнізацыя за кошт беларусаў

«Белнафтахім» тлумачыць такія захады тым, што яны «дазволяць забяспечыць мінімальную эфектыўнасць працы нафтаперапрацоўчых заводаў і магчымасці для іх мадэрнізацыі».

Перапрацоўка нафты і продаж нафтапрадуктаў застаецца адной з галоўных крыніцаў валютных паступленняў у беларускі бюджэт. Аднак прыбыткі ад продажу бензіну на беларускіх запраўках непараўнальныя з прыбыткамі ад экспарту. Сёння мы купляем у Расеі 23 млн т нафты, хоць на ўласныя патрэбы дастаткова і 5 млн т.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў