Карэйскія сем'і сустрэнуцца праз 60 гадоў расстання


На гэтым тыдні каля 90 асобаў з Паўднёвай Карэі сустрэнуцца са сваймі сваякамі з Поўначы: сямейнікі не бачыліся з часоў Карэйскай вайны.

Сёлета пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа адбыліся перамовы паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй аб арганізацыі сустрэчаў раз’яднаных сем’яў. Дамова была дасягнутая напрыканцы жніўня. Улады Паўднёвай Карэі шляхам лёсавання адбіраюць кандыдатаў і выпраўляюць іх у Паўночную Карэю.

З 65 000 асобаў з Поўдня, якія маюць права ўдзельнічаць у праграме, выбралі сто. Пакуль рыхтаваліся неабходныя дакументы, засталося дзевяноста асобаў: хтосьці памёр або стан здароўя ўжо не дазваліў на падарожжа.

Сёння першая частка удзельнікаў праграмы пад канвоем накіруецца ў Алмазныя горы ў Паўночнай Карэі. Да чацвярга тут адбудзецца шэсць двухгадзінных сустрэчаў з паўночнымі сваякамі. У суботу пачнецца другі тур, які працягнецца да панядзелка.

Калі адбудзецца новая серыя сустрэчаў, пакуль не паведамляецца, але мізэрная колькасць удзельнікаў першага раўнду наўрадці дае нагоды для аптымізму тысячам іншым ахвотных пабачыць сваякоў. Да таго ж па абодва бакі мяжы гэта асобы вельмі сталага веку.

Мільёны карэйскіх сем’яў былі раз’яднаныя падчас падзелу краіны на дзве дзяржавы ў вайне 1950–1953 гадоў. Рэвалюцыйныя ідэі чучхе не прадугледжваюць кантактаў працоўных людзей КНДР са светам, а сваякі з Поўдня і Поўначы не могуць нават ліставацца.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў