Консульства Украіны: Не прыйдзем на пахаванне Алеся Чаркашына, бо маем прыём


Як афіцыйныя прадстаўнікі Украіны ў Беларусі плануюць ушанаваць берасцейца, які загінуў за вольнасць Украіны на Данбасе?

«Пра пахаванне Алеся Чаркашына мы самі даведаліся з медыяў, – расказала Belsat.eu прэс-аташэ ўкраінскай амбасады ў Беларусі Марыя Гуцала. – Нам невядома, дзе і калі будуць яго хаваць. Пакуль ніхто на пахаванне Аляксандра Чаркашына нас не запрашаў. Разумееце, мы не дваровая нейкая арганізацыя, мы – дзяржаўнае прадстаўніцтва і нам патрэбнае запрашэнне. Пакуль ні ад сям’і загінулага, ні ад украінскай супольнасці ў Берасці ніяк зваротаў не было. У сваю чаргу, калі ўсталёўвалі помнік Міхаілу Жызнеўскаму на Гомельшчыне, то нас запрасілі і мы паехалі, удзельнічалі ў цырымоніі. Дагэтуль мы падтрымліваем добрыя кантакты з маці Міхася Жызнеўскага».

Прэс-аташэ заўважыла, што пытанне пра ўшанаванне Алеся Чаркашына амбасадаю Украіны яшчэ не вырашана і будзе абмяркоўвацца. Не выключана, што ўкраінская амбасада правядзе пэўную акцыю памяці па Алесі Чаркашаным, але якую дакладна – пакуль не вядома. «Гэтае пытанне яшчэ не вырашанае», – заўважыла прадстаўніца ўкраінскай амбасады.

Генеральны консул Украіны ў Берасці Алег Мысык таксама адзначыў Belsat.eu, што не ведае, калі будзе пахаванне Аляксандра Чаркашына.

«Калі ж будзе пахаванне заўтра, то мы, на жаль, не зможам удзельнічаць. Ва ўкраінскім консульстве ў Берасці толькі два дыпламаты, а заўтра мае адбыцца ўрачысты прыём, на які запрошана каля 100 чалавек, з нагоды Дня незалежнасці Украіны. Мы мусім быць на гэтым прыёме».

Украінскі консул заўважыў, што выражае спачуванне родным і блізкім загінулага на Данбасе беларуса і запэўніў, што ўкраінцы будуць за яго маліцца.

«Пакуль не ведаем, але калі бацькі будуць рабіць успамін па душы памерлага на 9-ты альбо 40-вы дзень смерці, то мы б таксама хацелі сустрэцца з бацькамі ці нават замовілі б службу па загінулым. Мы мусім яшчэ канкрэтна вызначаць, што мы маем зрабіць», – заўважыў консул.

У сваю чаргу прадстаўнік украінскай дыяспары на Берасцейшчыне, намеснік старшыні ўкраінскага навукова-педагагічнага саюзу «Берагіня» Віктар Місіюк падкрэсліў, што чальцы ягонай арганізацыі, а таксама іншыя ўкраінцы, якія жывуць у Берасці, абавязкова будуць на пахаванні беларуса, які склаў сваё жыццё за незалежнасць Украіны. Абавязкова на пахаванні будзе ўкраінская сімволіка, заўважыў грамадскі дзеяч.

«Гэтак мы хочам аддаць пашану Алесю Чаркашыну – аднаму з неабыякавых людзей, якія ў часы трагічных падзеяў ахвяруюць жыццём за высокія і годныя ідэалы», – заўважыў спадар Місіюк.

На думку грамадскага дзеяча, афіцыйныя прадстаўнікі Украіны не з’явяцца на пахаванні беларускага ваяра праз палітычныя чыннікі.

«Я ведаю, што консул Украіны ў Берасці ўзрушаны смерцю Алеся Чаркашына. Я думаю, каб гэта было на асабістым узроўні, то ўсе дыпламаты з’явіліся б, але сваю ролю ў гэтай сітуацыі маюць міністэрыяльныя, афіцыйныя абставіны».

Пахаванне Аляксандра Чаркашына, паводле папярэдніх звестак, мае адбыцца 3 верасня а 12:00 на могілках у Камяніцы-Жыравецкай пад Берасцем.

Алесь Чаркашын меў 33 гады, ваяваў як добраахвотнік на Данбасе ў шэрагах тактычнай групы «Беларусь», у новым вайсковым фармаванні, якое складаецца толькі з беларусаў. Хлопец прайшоў адмысловы курс ваеннага медыка. 10 жніўня яго паранілі ў баі пад Белакаменкай на Данбасе, беларус правёў некалькі тыдняў у коме і памёр у лякарні. Ягоныя саслужыўцы згадваюць, што Алесь быў шчырым вернікам і для іх быў нібыта капеланам. У Берасці Алесь Чаркашын быў старшынёю гарадской арганізацыі БХД.

Аляксандр Чаркашын, для саслужыўцаў – пад пазыўным «Тарас», быў адным з герояў дакументальнага фільму Антося Цялежнікава «Беларус».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў