Консул: затрыманы ва Украіне беларус, якога падазраюць у шпіянажы, віну цалкам адмаўляе


Беларус, якога ў чэрвені затрымалі ва Украіне па падазрэнні ў шпіянажы, да канца лістапада будзе ўтрымлівацца ў СІЗА ў Чарнігаве. Мужчына сваю віну цалкам адмаўляе.

Пра гэта TUT.BY распавёў старэйшы дарадца, консул амбасады Беларусі ва Украіне Сяргей Бабоў.

Нагадаем, беларус быў затрыманы ва Украіне 16 чэрвеня. Суд падтрымаў хадайніцтва следчых Службы бяспекі Украіны (СБУ) пра заключэнне мужчыны пад варту. Яго падазраюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 114 Крымінальнага кодэкса Украіны (шпіянаж), а менавіта ў «зборы з мэтай перадачы замежнай дзяржаве звестак, якія ўяўляюць дзяржаўную таямніцу, учыненым замежнікам».

Артыкул прадугледжвае «безальтэрнатыўнае пакаранне» – ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення воліПрадстаўнікі беларускай амбасады пастаянна наведваюць мужчыну ў Чарнігаўскім СІЗА, дзе ён утрымліваецца з чэрвеня. Затрыманы – менчук, яму 32 гады. Акрамя прадстаўнікоў амбасады ў СІЗА мужчыну наведвае маці і адвакат, прызначаны ўкраінскім бокам.

«Яму перадаюць прадукты, рэчы. Ніякіх скаргаў з нагоды ўмоваў утрымання ён не выказваў. У яго ёсць праблемы са здароўем, але пасля нашых настойлівых патрабаванняў украінскі бок праводзіць медабследаванне грамадзяніна. Вынікаў пакуль няма, але мы трымаем сітуацыю пад кантролем. Маральна-псіхалагічны стан чалавека, якога чатыры месяцы трымаюць у СІЗА, няпросты. Але, у цэлым, ён трымаецца і поўны рашучасці адстойваць сваю невінаватасць«, – распавёў Бабоў.

Тэрмін утрымання пад вартай вызначаны – да канца лістапада. Следства таксама падоўжанае па 30 лістапада»

У чэрвені менчук прыбыў ва Украіну не ўпершыню: ён перыядычна прыязджаў туды да сяброў і знаёмых. У апошні свой прыезд мужчына спрабаваў уладкавацца на працу ў лагістычную фірму ў Чарнігаве. Там яго і затрымалі. На карысць якой дзяржавы мог шпіёніць мужчына, зараз высвятляе следства. Але сваю віну мужчына адмаўляе.

На мінулым тыдні беларускі МЗС заявіў, што сітуацыя з затрыманнем беларуса выклікае пытанні аб апраўданні і правамернасці дзеянняў украінскага боку.

«Мы ў любым выпадку будзем дамагацца яснасці, але, у першую чаргу, поўнага захавання правоў нашага грамадзяніна. З улікам стану яго здароўя мы чакаем ад украінскіх кампетэнтных органаў хутчэйшага аб’ектыўнага і непрадузятага расследавання», – сказаў начальнік упраўлення інфармацыі МЗС Дзмітрый Мірончык.

Тады ж стала вядома, што беларуская Генпракуратура накіравала ўкраінскім калегам запыт адносна гэтай сітуацыі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў