У адміністрацыі прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі распрацоўваюць законапраект «мірнай рэінтэграцыі» Данбасу, паводле якога плануецца спыніць антытэрарыстычную аперацыю ў рэгіёне і ўвесці замест яе ваеннае становішча ў прыфрантавой зоне.
Пра гэта паведамляе расейскае выданне «Коммерсант» са спасылкай на ўласныя крыніцы ў Вярхоўнай Радзе.
«Сутнасць зменаў у тым, што калі цяпер прыфрантавымі гарадамі фактычна кіравала СБУ, якая праводзіла АТА, то пасля прыняцця закону кіруючыя функцыі пяройдуць да прадстаўнікоў войска», – сказала «Коммерсанту» крыніца, блізкая да адміністрацыі Парашэнкі.
Чакаецца, што ў зону ваеннага становішча ўвойдуць Марыупаль, Краматорск, Славянск, Аўдзееўка і Мар’інка.
Акрамя таго, новы законапраект прадугледжвае «шэраг ільготаў і паслабленняў» для жыхароў Данбасу: плануецца спрасціць парадак выплаты ўкраінскіх пенсіяў, панізіць абмежаванні на перавозку грузаў праз лінію размежавання бакоў канфлікту, усталяваць гандлёвыя стасункі.