Колькі зарабляем афіцыйна і колькі ў рэальнасці?


Крыху больш за Br 7 000 180. Столькі паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту склала сярэдняя выплата працаўнікам у траўні.

У параўнанні з красавіком намінальная сума павялічылася на няпоўныя 100 тысяч рублёў. Старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў не выключае, што крыху праіндэксаваць заробкі ў дзяржаўным сектары маглі адмыслова напярэдадні гэтак званага Усебеларускага народнага сходу.

«Тут прысутнічае палітычны чыннік. Таму што да відовішчаў людзям павінны былі дадаць яшчэ хлеба», – упэўнены Аляксандр Ярашук.

Між тым, у рэальным вымярэнні, то бок з улікам інфляцыі, адставанне заробкаў ад леташняга ўзроўню працягвае пашырацца. А ў пераліку на цвёрдую валюту беларусы ў траўні зарабілі, у сярэднім, $ 370 – на $ 70 менш, чымся за месяц да правядзення мінулага Усебеларускага сходу – амаль 6 гадоў таму.

«Заробак у Беларусі ў бліжэйшыя гады будзе імкнуцца да $ 200. Можа быць не $ 200, але праз пару гадоў людзі будуць атрымліваць не больш за $ 230-250», – мяркуе незалежны прафсаюзны лідар Аляксандр Ярашук.

Як стала вядома «Белсату», гульцам валейбольных клубаў «Будаўнік» і «Мапід», заробку з пачатку года практычна не плоцяць увогуле. Агулам жа, як распавяла «Белсату» прадстаўніца кадравага агенцтва, па выніках траўня праца ў Беларусі патаннела на парадак мацней, чымся сцвярджае афіцыйная статыстыка.

«За апошнія паўгады назіраецца зніжэнне на ўзроўні 25-30 % па прапанаваных заробках. Гэта назіраецца ва ўсіх галінах, пачынаючы ад айці, сканчаючы пазіцыямі кшталту ахоўнік-вартаўнік», – распавядае спадарыня Настасся з кансалтынгавай кампаніі «Дом кадраў».

Між тым, паводле абнародаванага сёння індэксу «Намбэёў» (Numbeo), які параўноўвае розныя краіны на прадмет коштаў у крамах, рэстаранах і арэнды жытла, жыццё ў Беларусі – даражэйшае, чымся ў Польшчы, дзе сярэдні заробак перавышае $ 1000 за месяц.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота – newsbel.by

Стужка навінаў