Колькі дзяржава зарабляе на курцах? Мянчук правёў эксперымент, каб знайсці адказ

video

У Беларусі можна вырошчваць вірджынскія гатункі тытуню і атрымліваць з іх якасны прадукт. Але ўсе цыгарэты тутэйшай вытворчасці робяцца з замежнай сыравіны. Чаму дзяржава сама не вырабляе тытуню ў прамысловых маштабах, ды не дазваляе гэтага сваім грамадзянам? Адказ – у нашым відэасюжэце.

Міхась Янчук вырашыў правесці эксперымент, ды сам вырасціў у парніку на лецішчы тытунь. Веды пра гадоўлю і ферментацыю браў з інтэрнэту.

«Сам я не палю, але мне было цікава «пракачаць скіл». Навучыцца рабіць тое, што рабілі заўсёды нашы дзяды, прадзеды на вёсках, і вось у мяне атрымаўся, я лічу, не благі тытунь», – кажа Міхась Янчук.

У Беларусі традыцыйна вырошчвалі махорку, а Міхась вырашыў паэксперыментаваць са шляхетным вірджынскім гатункам тытуню. Кажа, што прадукт атрымаўся больш духмяны, чым цыгарэты. Пасля падліку выдаткаў, у тым ліку на электрычнасць, мужчына прыйшоў да высновы:

«Кошт цыгарэты з хатняга тытуню роўны прыблізна 15 % таго, за што прадаюцца цыгарэты ў крамах. Гэта азначае, што дзяржава зарабляе на курцах як мінімум 85 %».

Кошт цыгарэтаў стала павялічваецца праз рост акцызаў. У тэорыі гэта робіцца дзеля таго, каб зрабіць паленне менш дасяжным. Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі паліць амаль 30 % насельніцтва ва ўзросце 16-ці гадоў і старэйшыя. Аднак, на практыцы, гэткія захады стрымлівання не дастатковыя. Чаму ўлады не ідуць на больш радыкальныя крокі?

«Алкаголь і тытунь, яны даюць стабільны прыток грошай у казну, праз акцызы. Грошы адымаюцца адразу, сходу. І гэта такая ёмістая і выгадная для дзяржавы пазіцыя», – тлумачыць эканаміст Міхась Залескі.

Эксперт лічыць, што дзяржаве можна было б вывесці махорку з катэгорыі падакцызных тавараў, і дазволіць людзям яе вырошчваць і прадаваць, шкоды для эканомікі ад гэтага не было б. А грамадзяне маглі б зарабляць. Ды і якасць гэткага прадукту можа быць значна вышэйшая.

Глядзіце таксама >>> Як беларускія цыгарэты трапляюць у Еўропу

«Гэтыя экзатычныя маленькія сегменты рынку, іх трэба аддаваць на водкуп прыватніку. І яно ўсё загудзе праз пяць гадоў», – працягвае Міхась Залескі.

Цяпер для вытворчасці цыгарэтаў Беларусь закупляе сыравіну больш як у 20-ці краінах свету. Спробы вырошчваць тытунь у прамысловых маштабах непасрэдна ў краіне былі, але ад ідэі адмовіліся, бо прадукт атрымаўся нізкай якасці. Гадаваць жа яго самастойна для ўласнага спажывання грамадзянам можна, а вось прадаваць тытунёвыя вырабы забаронена заканадаўствам.

«І алкаголь, і нікатын такія ж самыя наркотыкі, як шмат якія іншыя. Проста дзяржаве было зручна зарабляць на іх, таму яны легалізавалі і алкаголь, і нікатын. І манапалізавалі іх вытворчасць. Таму я лічу, што калі ўжо нехта ўжывае нікатын, то прынамсі не трэба пераплочваць дзяржаве», – адзначае Міхась Янчук.

Бо, як паказаў эксперымент Міхася, вырошчваць тытунь у Беларусі можна – і гэта не складана.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары