Колькі «дармаедам» прапануюць «зарабіць» на грамадскіх працах?


З гэтага тыдня беспрацоўным Менску прапануюць магчымасці хуткага часовага працаўладкавання. Працу прапануюць нізкакваліфікаваную. Belsat.eu даведваўся пра памер заробкаў.

Працаўладкавацца на нізкакваліфікаваную працу можа кожны і тэрмінова, незалежна ад таго, стаіць «дармаед» на ўліку ў цэнтры занятасці або не. Для гэтага патрэбна прыйсці ў цэнтр занятасці па месцы рэгістрацыі з пашпартам і папрасіцца на працу. Там адразу дадуць накіраванне і можна ехаць. Станавіцца на ўлік не абавязкова.

«Сёння аўтобус ужо паехаў», – паведамілі ў Першамайскім цэнтры працаўладкавання.

Асноўныя кірункі, куды можна патрапіць на працу, гэта добраўпарадкаванне тэрыторый, дагляд месцаў пахаванняў, прыбіранне тэрыторый, праца ў ЖКГ, лясной і сельскай гаспадарцы, рамонт дарог і аб’ектаў сацыяльнага прызначэння. Усё залежыць ад таго, з якімі арганізацыямі заключыў дамову той ці іншы цэнтр працаўладкавання.

Толькі вось заробак – мізэрны: да 265 BYN на месяц. Могуць таксама разлічыцца натуральнай прадукцыяй.

Дзённы заробак абмяркоўваецца на месцы і можа складаць 10-12 BYN.

У Камітэце па працы і сацыяльнай ахове насельніцтва Менгарвыканкама нават запрацавала адмысловая «гарачая лінія» па нумары + 375173698829, дзе беспрацоўнаму растлумачаць, што трэба рабіць і накіруюць у адпаведны цэнтр працаўладкавання.

ВЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары