Колькі беларусы будуць зарабляць у 2016-м?


Прагнозам па сярэдніх на сёлета заробках беларусаў падзяліўся Яраслаў Раманчук, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса.

Сярэдні беларускі заробак у студзені-лістападзе 2015 года склаў 6 млн 656,5 тыс. рублёў ($ 366,7). Эканаміст Яраслаў Раманчук глядзіць на будучыню заробкаў у 2016 годзе больш песімістычна.

«Год будзе настолькі складаным, што, мяркую, найгоршым сцэнаром стане скарачэнне зарплаты да $ 200 у эквіваленце з улікам курсавых тэндэнцыяў, рэзкага зніжэння даходаў ад нафты і нафтапрадуктаў, а таксама таго, што частка прадпрымальнікаў можа застацца без працы», – кажа эксперт.

Раманчук лічыць, што бізнесоўцы павінныя патрабаваць ад улады роўных умоваў гаспадарання для дзяржаўнага і прыватнага бізнесу, развіцця фінансавых рынкаў, стварэння дыялогавых пляцовак паміж бізнесам і ўладай, зніжэння падатковай і рэгулятарнай нагрузкі, ліквідацыі залежнасці ад старых тэхналогіяў, пашырэння сферы рынкавых адносінаў ды скарачэння дзяржаўных праграмаў.

Паводле Раманчука, сітуацыя нагадвае 90-я гады, калі «краіна стаяла на ростанях і вырашалася пытанне: што рабіць?».

Эканаміст упэўнены, што для распрацоўкі антыкрызіснай стратэгіі бізнесоўцам і дзяржаве трэба аб’яднацца: прадпрымальнікі павінныя ўвайсці ў органы дзяржаўнага кіравання.

ДД, belsat.eu

ДД

Стужка навінаў