Колькі беларусаў падтрымлівае зборную Расеі па футболе?


Усе матчы чэмпіянату свету па футболе ў Расеі паказвае тэлеканал Беларусь 5 і яго каментатары часам дазваляюць сабе непрафесійныя паводзіны і выказванні, якія не адпавядаюць рэчаіснасці.

Спачатку каментуючы гульню Партугалія – Іспанія былы галкіпер зборнай Беларусі Васіль Хамутоўскі заявіў, «што пераважная колькасць людзей у нашай краіне заўзее за Расею, за нашага суседа».

Яшчэ далей пайшоў загадчык аддзелу каментатараў і падрыхтоўкі тэматычных праграмаў тэлеканалу «Беларусь 5» Сяргей Мацкевіч, які ў размове з расейскім калегам з «Матч ТБ» Канстанцінам Генічам для праграмы «PRO спорт. Вынікі» адзначыў, «што ўсе беларускія аматары футбола заўзеюць за зборную гаспадароў на чэмпіянаце свету 2018».

Сайт газеты «Прэсбол» вырашыў праверыць дадзеныя выказванні і правёў на сваім сайце апытанне. Пытанне было простае: ці заўзееце вы за зборную Расеі. На момант публікацыі прагаласавала 3738 чалавека, з іх 52,6 % абверглі словы Хамутоўскага і Мацкевіча адказаўшы, што не заўзеюць за зборную Расеі.

Нагадаем, што сёння а 21:00 зборная Расеі правядзе на хатнім чэмпіянаце свету другі матч. Яна згуляе ў Санкт-Пецярбургу са зборнай Егіпта. У першым туры Егіпет саступіў Уругваю, прапусціўшы адзіны гол на апошніх хвілінах гульні. Расея ж разграміла Саудаўскую Аравію з лікам 5:0.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў