Колькасць забітых на фестывалі ў Лас-Вегасе павялічылася да 59 чалавек. Забіў іх – мультыміліянер


Пацярпелі яшчэ 527 чалавек.

Стывен Падак, які зладзіў самае масавае забойства ў ЗША быў мультымільянерам. З сабою на 32-га паверх гатэлю, з вакна якога ён расстраляў наведнікаў фестывалю кантры-музыкі, ён узяў велізарны арсенал з 23 адзінак зброі ў 10 сумках.

Паводле шэрыфа Лас-Вегаса Джозэфа Ламбардо, удома ў яго знайшлі больш за 18 адзінак агнястрэльнай зброі, выбухоўку і некалькі тысяч патронаў. Акрамя таго, там жа былі незразумелыя электронныя прылады, прызначэнне якіх яшчэ трэба высветліць.

Брат забойцы распавёў паліцыі, што Стывен Падак разбагацеў на нерухомасці, але таксама любіў азартныя гульні (покер) і гульнявыя аўтаматы. Мясцовая паліцыя кажа, што ў яго не было судзімасцяў, нават парушэнняў ПДД, а брат апісвае яго, як «звычайнага хлопца, які любіў пагуляць у Лас-Вегасе і бурыта». Ён не служыў у войску, не меў рэлігійных і палітычных перакананняў.

Пэдак жыў у доме састарэлых за $ 400 тысяч з сяброўкай Марылі Дэнлі, якая цяпер у Токіа.

Брат забойцы паведаміў, што бацька Падака быў «псіхапатычным» серыйным рабаўніком банкаў, які быў у спісе самых небяспечных крымінальных элементаў ЗША ў сувязі з крыміналам, уцёкамі з турмы і суіцыдальнымі схільнасцямі.

Паліцыя дагэтуль спрабуе высветліць яго матывы. Учора стала вядома, што «Ісламская дзяржава» ўзяла адказнасць за масавае забойства ў Лас-Вегасе. Афіцыйна паліцыя схіляецца да версіі пра псіхапата-адзіночку. Заявы гэтак званай «Ісламскай дзяржавы» пра тое, што стралок з Лас-Вэгасу меў сувязі з ісламістамі, не атрымалі пацверджання.

Страляніна ў Лас-Вэгасе стала самым масавым забойствам у гісторыі ЗША. Перад арыштам Стывэн Падак, які адкрыў агонь з 32-га паверху гатэлю па ўдзельніках музычнага фестывалю, застрэліўся.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары