Колькасць ахвяр атручвання сурагатным алкаголем у Іркуцку вырасла да 71


Фота ТАСС

Амаль усе ахвяры атручвання яны ўжывалі «Глог», у якім утрымліваўся метанол. Сваякі яшчэ адной загінулай заявілі, што яна піла кантрафактную гарэлку.

Паводле апошніх звестак, ад атручвання сурагатным алкаголем у Іркуцку загінуў 71 чалавек, паведаміла прэс-сакратарка рэгіянальнага Міністэрства аховы здароўя Таццяна Лебедзева.

Паводле яе, у медустановах загінулі 40 чалавек, 31 чалавек памёр па месцы жыхарства. Усяго ад атручвання пацярпелі 117 чалавек. У лякарнях застаюцца 36 чалавек. Пяць чалавек выпісаныя, яшчэ пяць самастойна пакінулі лячэбныя ўстановы. Раней паведамлялася аб гібелі 64 чалавек, інфармуе Interfax.ru.

Масавае атручванне сурагатным алкаголем адбылося ў мікрараёне Нова-Леніна Іркуцку. Пацярпелыя ва ўзросце 25-50 гадоў сталі паступаць у лякарні з вечара 17 снежня. Паводле папярэдніх звестак, усе яны ўжывалі спіртавую вадкасць – парфумерна-касметычны сродак «Канцэнтрат для ваннаў «Глог». Міністэрства аховы здароўя рэгіёну паведаміў, што атручванне выклікаў метылавы спірт або метанол, які ўтрымліваўся ў канцэнтраце, хоць на ўпакоўцы ў складзе значыўся этылавы спірт.

Таксама ў Іркуцку быў зафіксаваны першы выпадак смяротнага атручвання кантрафактнай гарэлкай: сваякі загінулай у сваёй кватэры жанчыны заявілі, што яна ўжывала гарэлку маркі »Белая бяроза«.

У межах расследавання справы аб гібелі людзей пасля ўжывання спіртавога сродку затрыманыя 11 чалавек. Гэта прадпрымальнікі і працаўнікі гандлёвых пунктаў.

У сувязі з масавай гібеллю людзей у панядзелак рэжым надзвычайнага становішча быў уведзены ў Іркуцку, а ў аўторак – у Іркуцкай вобласці.

У чацвер прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што людзі ў краіне »мруць, як мухі« праз ужыванне сурагатнага алкаголю, таму трэба павышаць акцызы на спіртавую прадукцыю, нават калі касметыка праз гэта падаражэе, падае «Бі-Бі-Сі».

«Трэба павышаць акцызы, на жаль ці на шчасце, на спіртавую прадукцыю, каб гэта не былі флакончыкі за тры капейкі», – сказаў Пуцін на пераднавагодняй сустрэчы з кіраўніцтвам Дзярждумы і Савету Федэрацыі.

«Ну нічога, значыць, будзе даражэйшай касметыка ўрэшце. Жыццё людзей даражэй», – дадаў Пуцін.

МЯ, паводле interfax.ru, bbc.com

Глядзі таксама
Каментары