Колер пратэсту – чорны. Анархісты гатовыя даць сілавы адпор


Падчас апошніх акцый пратэсту супраць «падатку на дармаедаў» у Берасці і Менску вельмі актыўна праяўлялі сябе беларускія анархісты. Гэта не засталося незаўважным уладамі, якія пачалі пераслед анарха-актывістаў. У сераду, пасля санкцыянаванага мітынгу і шэсця ў Менску супраць «падатку на дармаедаў», анархістаў жорстка збілі, завезлі ў пастарункі а потым прысудзілі арышты. Belsat.eu разбіраецца, хто такія анархісты і чаму яны сталіся важкім элементам беларускага пратэсту.

Анархічны рух у Беларусі не зʼяўляецца маналітным і ня мае нейкіх канкрэтных лідараў. Сярод анархічных груповак ёсць як нацыянальна арыентаваныя (прыхільнікі так званага этна-анархізму – гэта, напрыклад, «Пошуг»), так і тыя, для каго нацыянальнае пытанне ня мае значэння (напрыклад, група «Рэвалюцыйнае дзеянне», вакол якой аб’ядноўваюцца так званыя рэвалюцыйныя анархісты). Ёсць і вузкаспецыялізаваныя групоўкі – напрыклад, «Анархічны чорны крыж», які спецыялізуецца на дапамозе арыштаваным анархістам. Анархічныя арганізацыі ў Беларусі дзейнічаюць паасобку, але падчас тых ці іншых акцыяў могуць аб’ядноўваць свае намаганні.

Анархісты заўсёды былі пад пільнай увагай беларускіх сілавікоў, але ціск на іх узмацніўся з пачаткам пратэстаў супраць «падатку на дармаедаў».

6 сакавіка тэлеканал «Беларусь-1» прадэманстраваў прапагандысцкі фільм «Званок сябру», дзе шмат увагі надаецца той небяспецы, якую нібыта ўяўляюць сабой анархісты. У фільме «Беларусь-1», як і пазней у публікацыі газеты «Советская Белоруссия», сцвярджаецца, што беларускія анархісты ездзяць на трэнаванні ў Кіеў, дзе іх вучаць асаблівасцям вулічных баёў, выбуховай справе і г.д. Сярод анархісцкіх груповак, актывісты якіх нібыта праходзяць такія баявыя курсы згадваецца «Пошуг» і «Рэвалюцыйнае дзеянне».



Менавіта анархісцкая групоўка «Рэвалюцыйнае дзеянне» 14 сакавіка размясціла ў сваёй суполцы ў Фэйсбуку заклік выходзіць 18 і 19 сакавіка на «маршы недармаедаў» у тых гарадах, дзе акцыі дагэтуль яшчэ не ладзіліся. 18 сакавіка прапануецца выходзіць на мітынгі ў Барысаве, Жодзіне, Кобрыне, Светлагорску, Наваполацку, Лунінцы, Горках, Салігорску, Асіповічах, Лідзе, Мазыры і Рэчыцы. 19 сакавіка – у Баранавічах і Слоніме.

Мы звязаліся з «Рэвалюцыйным дзеяннем» праз іх суполку ў Фэйсбуку і анархісты пагадзіліся адказаць на пытанні «Белсату». Пазіцыю арўанізацыі агучваў актывіст, які назваўся Антонам. Адзначалася, што гэтыя адказы зʼяўляюцца афіцыйным меркаваннем групоўкі «Рэвалюцыйнае дзеянне».

«Гвалт анархізму не супярэчыць»

Антон распавядае, што актывісты «Рэвалюцыйнага дзеяння» маюць намер узяць удзел у акцыі 25 сакавіка ў Менску, але канкрэтны план сваіх дзеянняў пакуль не разгалошваюць.

На пытанне, ці лічаць анархісты магчымым выкарыстоўваць сілавыя метады ў сваёй барацьбе, «Рэвалюцыйнае дзеянне» адказала наступным чынам:

«Мы не лічым, што мэта апраўдвае сродкі, таму ў сваёй барацьбе не выкарыстоўваем метады, якія супярэчаць прынцыпам анархізму. Пры гэтым гвалт, сілавыя акцыі анархізму не супярэчаць. Мы лічым прымальным даць сілавы адпор міліцыі і спецслужбам, калі яны асмеляцца ўжыць гвалт да пратэстоўцаў, напрыклад, калі яны пачнуць збіваць жанчын, якія ўпалі на зямлю, як гэта было ў 2010 годзе».

Таксама беларускія анархісты гатовыя «усімі магчымымі сродкамі» змагацца з магчымай агрэсіяй Расеі.

«Мы, як рэвалюцыйныя анархісты, лічым усе дзяржавы прыгнятальнікамі працоўных мас: ці то ў Еўропы, Азіі ці Амерыцы. Пры гэтым мы не лічым, што ўкраінцы або расейцы ворагі беларускага народу, у адрозненне ад пуцінскага рэжыму. Акупацыю Беларусі з яго боку мы ўспрымаем як патэнцыйную пагрозу, з якой маем намер змагацца ўсімі даступнымі метадамі», – кажа Антон.

Адказаць на пытанне аб колькасці актывістаў, што ўваходзяць у «Рэвалюцыйнае дзеянне», Антон адмовіўся.

«Мы б ніколі не сталі падрываць уласны народ»

«Рэвалюцыйнае дзеянне» адмаўляе датычнасць беларускіх анархістаў да падпалу Галасееўскага раённага суду Кіева ў красавіку 2016 году, пра што заяўлялася ў фільме «Беларусь-1» «Званок сябру».

«Падпал Галасееўскага суду сапраўды быў зроблены анархістамі, хто ў ім прымаў удзел – нам невядома. Нам здаецца, што спроба выкарыстоўваць канкрэтныя прозвішчы ў рамках такога фільма – не больш як спроба запалохаць актывістаў», – кажа Антон.

Пры гэтым «Рэвалюцыйнае дзеянне» не адмаўляецца ад таго, што супрацоўнічае з украінскімі анархістамі з «Революційнай Діі».

Дарэчы, украінскія анархісты сувязі з беларускімі аднадумцамі таксама не адмаўляюць. «Наконт нашых узаемасувязяў з беларускімі анархістамі мы ня можам нічога сказаць па меркаванням бяспекі», – патлумачылі прадстаўнікі суполкі «Революційна Дія».

Прадстаўнік «Рэвалюцыйнага дзеяння» Антон прызнае, што Сяргей Раманаў, якога ў фільме «Званок сябру» абвінавачваюць у намеры зрабіць выбух на Дне Незалежнасці ў 2014 годзе ў Менску, сапраўды зʼяўляецца анархістам і затрыманы ён быў за знойдзены пры ім траціл. Але заявы наконт намеры здзейсніць тэракт Антон называе «хворай фантазіяй прапагандыстаў БТ».

«Безумоўна, сцвярджэнне аб тым, што анархісты хацелі падарваць бомбу на Дні Незалежнасці – абсалютная і нахабная хлусня. Мы б ніколі не сталі падрываць уласны народ, простых працоўных беларусаў», – сцвярджаюць у «Рэвалюцыйнам дзеянні».

Ідэалогію «Рэвалюцыйнага дзеяння» Антон характарызуе як сацыяльны анархізм: паводле ягоных слоў, іх групоўка арыентуецца на працы Крапоткіна, Бакуніна і Малацесты, а таксама практыку такіх рэвалюцыянераў мінулага як Нестар Махно і Буэнавентура Дурруцці.

«Мой галоўны вораг – любая ўлада: і Лукашэнка, і Статкевіч»

Падчас сакавіцкіх акцый пратэсту можна было заўважыць: пад чорным маскамі хаваюць свае твары і дзяўчыны. Сёння яны становяцца пад чорныя сцягі на роўных з хлопцамі: у супольнасці ўсе называюць адзін аднаго «таварышамі». Беларускія анархісткі ўдзельнічалі ў Маршы недармаедаў у Берасці, Маладзечне, Менску. Мы дамовіліся на інтэрвʼю з 22-х гадовай Марыяй (прозвішча не называецца ў мэтах бяспекі).

Дзяўчына, якая мае за плячыма восем затрыманняў, пагадзілася сустрэцца з журналісткай у цэнтры Менску, перад гэтым спісаўшыся праз праграму-ананімайзэр. Што да канспірацыі, то анархісты для перапіскі звычайна не выкарыстоўваюць звычайныя чаты ў «Фэйсбуку» ці «Ўкантакце». Сайт «Рэвалюцыйнага дзеяння» перыядычна блакуюць, але актывісты ствараюць шматлікія люстэркавыя інтэрнэт-адрасы і працягваюць распаўсюд інфармацыі.

Паводле Марыі, у адрозненне ад ідэалагічна блізкіх анархісцкіх суполак «Пошуг» і «Прамень», прыхільнікі «Рэвалюцыйнага дзеяння» не лічаць беларускую мову, нацыянальныя сімвалы важным складнікам сваёй дзейнасці.

«Для нас ня мае значэння мова, яна можа быць любой. Адзіны сцяг, які мы прымаем – чырвона-чорны і чорны. Гісторыя Беларусі, бел-чырвона-белая сімволіка – гэта не для актывістаў «Рэвалюцыйнага дзеяння». Расейская, беларуская дзяржава, ды наогул дзяржава – наш галоўны вораг. Раней калі ты размаўляеш па-беларуску, цябе гэта рабіла адметным, не такім, як усе, гэта быў пратэст. Цяпер жа ніякія праблемы не пагражаюць чалавеку проста таму, што ён беларускамоўны», – дзеліцца сваімі поглядамі дзяўчына.

Для Марыі і яе паплечнікаў асноўным матывам удзелу ў пратэстах з’яўляецца сацыяльная, а не нацыянальная павестка.

«Калі чалавеку няма чаго есці, то якая розніца, беларус ён ці расеец?», – рытарычна пытаецца анархістка. «Праўда, варта прызнаць; расейская інтэрвенцыя стала б трагедыяй для нас. Гледзячы на Крым, дзе таварышаў-анархістаў «зачысцілі», масава рэпрэсавалі, кінулі за краты, я добра ўсведамляю небяспеку ў выпадку агрэсіі з боку Расеі», – кажа Марыя.

«Аднак любая ўлада для нас – вораг: і Лукашэнка, і Статкевіч, і абстрактныя прарасейскія сілы. Улада можа адрознівацца па ступені аўтарытарнасці, але застаецца маім асабістым ворагам і ворагам кожнага ідэйнага анархіста»,  – дадае суразмоўца.

Першае затрыманне здарылася з Марыяй падчас яе першай акцыі: тады міліцыянты ў пастарунку збілі 17-гадовую дзяўчыну. Білі па твары і па нырках.

«І тады, і пасля са мной мела справу кіраўніцтва міліцэйскіх пастарункаў. На допыце, калі складаецца пратакол аб правапарушэнні, ён б’е па твары, я падаю і зноў гляджу яму ў вочы са словамі «Нічога ад мяне не даведаецеся»

У выніку Марыю выключылі з ўніверсітэту. Улетку 2016-га году невядомыя аблілі чырвонай фарбай будынак Белтэлерадыёкампаніі. Марыя патрапілі пад крымінальны пераслед як удзельніца «акту вандалізму».

Мы пацікавіліся, якім чынам анархісты будуць пратэставаць 25-га сакавіка.

«Мы не лічым, што варта адразу ўжываць сілавыя метады. Думаю, па акцыях анархістаў бачна: купка моладзі проста прыходзіць і ладзіць своеасаблівы перформанс. Сіла не ўжываецца беспадстаўна. Калі мы пабачым: бʼюць народ, звычайны працоўны народ, то дамо рады міліцыянтам. Калі ж народ захоча паставіць намёты на плошчы – анархісты далучацца».

Інтэрвʼю, якое мы запісалі падчас сустрэчы ў Менску, дзяўчына папрасіла даслаць на вычытку. Аднак неўзабаве яе затрымалі і прысудзілі 15 сутак арышту. Цяпер Марыя знаходзіцца за кратамі, у ізалятары на Акрэсціна, як і шматлікія яе таварышы.

Ігар Ільяш, Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў