Коласаўскаму ліцэю – 25!


Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа святкуе юбілей, а яго навучэнцы выпускнікі праводзяць флэшмоб у сацыяльных сетках.

Унікальная навучальная ўстанова паўстала яшчэ ў савецкія часы, 15 студзеня 1990 года. У 2003-м ліцэй пазбавіўся свайго афіцыйнага статусу, калі ўлады намагаліся змяніць яго дырэктара – Уладзіміра Коласа – і навязаць рускамоўную праграму навучання.

«Тое, што робіцца з беларускім ліцэем на працягу апошніх год, увогуле зразумела і з’яўляецца складовай часткай, я думаю, агульнай палітыкі ў адносінах да нацыянальнай культуры і беларускай мовы», – так у 2003-м годзе Васіль Быкаў пракаментаваў «Радыё Свабода» закрыццё ліцэю. Дадаўшы тады, што трэба ўсімі даступнымі спосабамі змагацца за родную мову.

З 2005 года ліцэй працуе на ўскраіне Менску і легалізаваўся на базе адной з міжнародных школаў Польшчы.

Як ліцэй усё ж такі выстаяў 25 гадоў? Дырэктар ліцэю Уладзімір Колас прызнаецца, што сам задае сабе такое пытанне. Кажа, што выстаяў таму што гэта трэба значнай колькасці людзей – краіне, народу і дзяржаве.

«Тыя ідэі і каштоўнасці, якія мы мелі падчас стварэння ліцэю, знаходзілі водгук шмат у каго. Прычым ня толькі сярод апазіцыі, але і сярод наменклатуры і супрацоўнікаў савецкіх уладных структураў», – адзначае Уладзімір Колас.

З нагоды дня народзінаў навучальнай установы грамадскі актывіст Франак Вячорка абвясціў флэшмоб. Ён заклікаў навучэнцаў і выпускнікоў ліцэю посціць у сацыяльныя сеткі свае ліцэйскія фоткі з адмысловым гэштэгам, на што тыя з ахвотай адгукнуліся.

Фота з Facebook Франака Вячоркі

Ліцэісты спрычыніліся да рэалізацыі некалькіх музычных і відэапраектаў. Некаторыя з іх прадстаўленыя ніжэй.



НМ, belsat.eu, паводле «Радыё Свабода»

Глядзі таксама
Каментары