Кола звужаецца. Рух «За свабоду» адмовіўся выстаўляць кандыдата на выбары


Рух «За свабоду» не будзе вылучаць свайго кандыдата на прэзідэнцкія выбары, а таксама не будзе падтрымліваць ніякіх іншых кандыдатаў.

Раніцай 2 красавіка Рада Руху «За Свабоду» распаўсюдзіла заяву пра фармат удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі 2015 года. Згодна з ёй, арганізацыя сканцэнтруецца на распрацоўцы прапановаў эканамічных рэформаў у межах «Народнай праграмы», ініцыятыве дзеля мірных пераменаў «Народны рэферэндум», а таксама на кампаніях па назіранні за выбарамі і за вызваленне палітвязняў.

«Рада Руху са шкадаваннем канстатуе, што нават глыбокі эканамічны крызіс у Беларусі і пагроза для суверэнітэту краіны з боку Расеі не спрычыніліся да кансалідацыі дэмакратычных сілаў Беларусі ў імя незалежнасці, дэмакратыі, рынкавай эканомікі і еўрапейскага выбару», – гаворыцца ў заяве.

Напярэдадні ад удзелу ў выбарах афіцыйна адмовілася грамадзянская кампанія «Наш дом».

«На сёння мы адчуваем, што, беручы актыўны ўдзел у выбарах, мы дзейнічаем па чужым сцэнары і не маем дастаткова інструментаў, каб выкарыстоўваць наш уласны сцэнар развіцця падзеяў», – адзначалася ў заяве грамадзянскай кампаніі.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў