Кнігарня логвінаЎ: Спадзяемся на адтэрміноўку штрафу


Да чытачоў, што ахвяруюць «кнігарні ЛогвінаЎ» грошы на выплату мільярднага штрафу, спачатку далучыліся мастакі (тыднёвы аўкцыён іх працаў скончыўся ўчора), а цяпер – пісьменнікі, паэты і музыкі. Сёння ў Галерэі «Ў» даў канцэрт Зміцер Вайцюшкевіч.

Нагадаем, што ўчора ў галерэйных сценах з лекцыяй «Як быць паэтам, не прыцягваючы ўвагі санітараў?» выступіў Андрэй Хадановіч. Сёння дабрачынную эстафету падхапіў беларускі бард, які не толькі спяваў свае і народныя песні, сабраныя падчас этнаграфічных экспедыцый па Беларусі, але і чытаў публіцы казкі. Паводле словаў Змітра, які ўжо шмат гадоў збірае беларускі фальклёр, працэс ягонага пошуку мае свае асаблівасці: спачатку вельмі цяжка ўгаварыць вясковых бабуль на песню, але калі ўжо яны заспяваюць, то немагчыма спыніць.

 

Прадстаўнік кнігарні Павал паведаміў, што на сёння сабраная палова неабходнай для выплаты штрафу сумы: каля 34 тысячаў долараў з неабходных 64 тысяч. Паводле яго, у апошнія дні назіраецца павелічэнне актыўнасці донараў, якія «відаць, цягнулі да апошняга». Кнігарню паатрымоўваюць не толькі беларусы, але і замежнікі. Сёння, напрыклад, «у краму завітаў турыст, які не назваў імя і зрабіў унёсак ад усяго нямецкага народа».

Логвінаў спадзяецца на адтэрміноўку штрафу і збор неабходнай сумы. У любым выпадку кнігарня працягне існаваць па звыклым адрасе, бо «ўжо зарэгістраваная на іншую юрыдычную асобу».

Дадамо, што марафон падтрымання кнігарні Логвінава працягнецца да канца тыдня. Заўтра ў Галерэі адбудзецца семінар «Біяграфічная літаратура ў Швецыі і Беларусі», а ў пятніцу сваю кнігу кнігу «Пуціна» тут прадставіць празаік Барыс Пятровіч.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў