Кніга памочніка Чэрчыля, манета Трэцяга Рэйху, украінскі магніцік і «Урок беларускай мовы». Што лічыцца экстрэмізмам у Беларусі?


Сусветная вядомая біяграфія дыктатара - «Гітлер. Даследаванне тыраніі». Забаронена беларускімі ўладамі. Фота - Terapeak

Міністэрства інфармацыі Беларусі апублікавала абноўлены спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Туды ўваходзяць кнігі, фільмы, альбомы, відэаролікі, сайты, суполкі ў сацыяльных сетках і нават манеты. Belsat.eu разбіраўся ў тым, што ўлады Беларусі лічаць экстрэмізмам.

Спіс пачынаецца з дыскаў CD-R з фільмам «Урок беларускай мовы» і канцэртам «Салідарныя з Беларуссю» ў Варшаве – яны трапілі пад забарону яшчэ ў 2008 годзе і дагэтуль там застаюцца. Застаецца пад забаронай і альбом «Прэс-фота Беларусі 2011», прызнанне якога экстрэмісцкім у 2013 годзе выклікала вялікі скандал. Працягваюць лічыцца экстрэміцскімі артыкулы з сайту 1863x, за што ў свой час судзілі блогера Эдуарда Пальчыса.

Усё гэта ў спісе Мінінфарму знаходзіцца па суседстве з відавочна экстрэмісцкай прадукцыяй – відэаролікамі ісламістаў ды неанацыстаў (у тым ліку з кадрамі забойстваў).

Гітлер і памочнік Чэрчыля

Значную частку ў спісе Мінінфарму займаюць кнігі і кніжныя выданні.

У спісе прысутнічае шэраг кнігаў расейскіх шавіністаў-радыкалаў (у тым ліку выдавецтва «Праваслаўная ініцыятыва»), у якіх прапагандуюцца антысеміцкія, псеўдаправаслаўныя і нацыяналістычныя ідэі. Сярод іх, напрыклад, кніга вядомага расейскага антысеміта Алега Платонава «Таемны сусветны ўрад», дзе распавядаецца пра «жыдамасонскую змову». Частка гэтай літаратуры і ў Расеі прызнаная экстрэмісцкай – напрыклад, кнігі пісьменніка-нацыяналіста Барыса Міронава, які зазнаў крымінальны пераслед за распальванне міжнацыянальнай нянавісці.

У спісе шмат ісламісцкай і проста ісламскай літаратуры. Напрыклад, пад забаронай – творы азербайджанскага ісламаведа Эльміра Куліева, шэраг кнігаў якога таксама прызналі экстрэмісцкімі ў Расеі (хаця ў свой час Рада муфціяў Расеі ўзнагародзіла вучонага за ягоную дзейнасць медалём).

Эльмір Куліеў. Фота -БИЗНЕС Online

Значную частку кніжнай прадукцыі беларускія ўлады адносяць да прапаганды нацызму. Экстрэмісцкімі, напрыклад, прызнаная кніга самога Адольфа Гітлера «Майн Кампф» і кнігі заснавальніка Амерыканскай нацысцкай партыі Джорджа Лінкальна Рокуэла.

Але ў спісе сустракаюцца і звычайныя гістарычныя працы вядомых вучоных. Сярод забароненых матэрыялаў – кніга брытанскага гісторыка, памочніка Уінстана Чэрчыля па ягонай літаратурнай дзейнасці і былога віцэ-канцлера Оксфардскага ўніверсітэту Алана Буллака «Гітлер. Даследаванне тыраніі» (упершыню выдадзеная ў 1952 годзе). Кніга была прызнаная экстрэмісцкай судом Менскага раёну Менскай вобласці ў 2015 годзе, але незразумела на якой падставе – кніга з’яўляецца адной з найбольш знакамітых біяграфіяў Гітлера, гісторыкі лічаць яе вельмі грунтоўнай, а некаторыя нават узорнай. Аўтар апісвае Гітлера як тырана і авантурыста без усялякага сумлення.

Алан Буллок. Фота – peoples.ru

Таксама прызнаная экстрэмісцкай кніга амерыканскага вучонага, даследчыка гісторыі нацысцкай Нямеччыны Джорджа Мосса «Nazi Culture». Пры гэтым Мосс – сусветна вядомая асоба, ганаровы доктар шэрагу ВНУ ЗША, Нямеччыны і Ізраілю, ягоныя кнігі на Захадзе ўваходзяць у навучальныя праграмы вышэйшай школы і ў ягоны гонар была заснаваная прэмія для амерыканскіх гісторыкаў.

Справа – будынак універсітэту ў Вісконсіне, які быў названы імям Мосса. Фота – wikipedia.org

Манеты, попельніцы, магніцікі, фуфайкі

Але экстрэмісцкімі ў Беларусі лічацца не толькі кнігі, фільмы або артыкулы. У спісе экстрэмісцкай прадукцыі можна знайсці таксама маркі, запальнічкі, манеты, кубкі, сподкі і цукарніцы.

Кубкі, сподкі, попельніца і цукарніца былі прызнаныя экстрэмісцкімі разам з партрэтам Гітлера, а таксама маркамі са свастыкай і выявамі Гітлера – відаць, на пасудзе таксама прысутнічала нейкая сімволіка, звязаная з нацысцкай Нямеччынай, хаця ў дакуменце Міністэрства інфармацыі пра гэта нічога не кажуць. Таксама незразумела, ці з’яўляюцца гэты посуд гістарычным (то бок часоў Гітлера) або сучасным.

Затое ў спісе прысутнічае нямецкая «манета з белага металу» датаваная 1938 годам – яна гэтак сама аднесеная да «інфармацыйнай прадукцыі».

Экстрэмісцкай лічыцца фуфайка з надпісам «Воля або смерць» (лозунг анархістаў Нестара Махно) і тэкст песні фанатаў ФК «Дынама» «Вместе весело шагать по болотам, по болотам с пулеметом…» – пераробленая пад чорны гумар піянерская песня 70-х.

У 2017 годзе ў спіс забароненай прадукцыі трапілі брашуры «Зніклыя людзі ў Беларусі», «Анархія працуе» і шэраг іншых. Сёлета суд Гомельскага раёну прызнаў экстрэмізмам малюнак, на якім «на пярэднім плане нахіленая чырвоная каляска з гноем і плакатам, прабітыя віламі», а суд Кастрычніцкага раёну Менску – магніцік з надпісам «Не важна маскаль ты ці не гловно каб ня маскаль».

Анархістам і неанацыстам – бан

Пад забаронай у Беларусі апынуліся шмат інтэрнэт-старонак, у тым ліку на Facebook і «ЎКантакце». Сярод іх – старонка Тактычнай групы «Беларусь», суполка «Беларускае нацыяналістычнае з’яднанне», «Думкі Альгерда» і «Віцебская народная рэспубліка» (апошняя публікавала прарасейскія, але антылукашэнкаўскія пасты).

Экстрэмісцкім лічыцца анархісцкі рэсурс revbel.info, а таксама ўсе дублюючыя гэты рэсурсы сайты і суполкі ў сацсетках. Пад забаронаю аказаліся сайты і суполкі міжнароднай неанацысцкай арганізацыі Misanthropic Division, стваральнікам якой расейскія праваахоўнікі лічаць беларуса Дзмітрыя Паўлава.

Разам з анархістамі і неанацыстамі пад забарону трапіла і старонка фатографа Сяргея Мазура, якога ў верасні затрымлівалі ў сувязі з фатасесіяй недалёка ад базы спецназу ў Мар’інай Горцы.

 

Ігар Ільяш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары