КНДР рыхтуе прэвентыўны ўдар па вайсковай базе ЗША

video

Паўночная Карэя ўпэўненая, што ЗША рыхтуюць прэвентыўны ўдар па КНДР, і таму самыя рыхтавалі сакрэтны план, пра які распавялі ўсяму свету. Пхеньян хуткім часам будзе гатовы ўдарыць ракетамі «Хўасонг-12» па выспе Гуам, дзе месціцца амерыканская вайсковая база.

Пра гатовасць да вайны абвесцілі ў эфіры ранішніх навінаў

Рада Бяспекі ААН 5-га жніўня прыняла чарговыя санкцыі супраць Пхеньяну. Краіна жыве ва ўмовах фактычнае гандлёвае блакады, але рашучасць паўночнакарэйскага народу непахісная, сцвярджае мясцовае тэлебачанне. Шматтысячная дэманстрацыя ў Пхеньяне мусіла была пацвердзіць бясстрашнасць КНДР.

Гуам – востраў у Ціхім акіяне працягласцю 50 км, дэ-юрэ не лічыцца часткаю ЗША і кіруецца мясцовым урадам, хоць 180 тысячаў яго жыхароў – амерыканскія грамадзяне. Не зважаючы на тое, што напрыканцы ліпеня Пхеньян заявіў, што ў стане пацэліць у любы горад на тэрыторыі ЗША, нават у Гуаме не бачаць больш падставаў турбавацца.

«Яны пагражалі нам яшчэ ў 2013-ім, і, вядома, ідзецца пра ракеты далёкага радыусу дзеяння. Мяркуючы з сігналаў ды запэўніванняў, якія мы атрымліваем ад Дэпартаменту бяспекі, сітуацыя на карэйскім паўвостраве нас не датычыць, і няма ніякіх прычынаў для турботы», – распавёў губернатар Гуаму Эдзі База Кэлваў.

Паводле рыторыкі Вашынгтону і Пхеньяну, вайна ўжо на парозе

Днямі раней Доналд Трамп абяцаў адказаць цытата, агнём і лютасцю, на далейшыя пагрозы свайго карэйскага калегі. Але сёння, пасля таго, як КНДР нават паказала месца свайго прэвентыўнага ўдару, Дзяржаўны дэпартамент тлумачыць, што словы прэзідэнта былі хутчэй фігураю маўлення.

«Слухайце, прэзідэнт паслаў моцны сігнал Паўночнай Карэі на мове, якую яна разумее. Дзяржаўны сакратар ужо адзначаў, наколькі эфектыўны аратар наш прэзідэнт. Людзі прыслухоўваюцца да яго, і ягонае пасланне Паўночнай Карэі было моцнае ды празрыстае», – даводзіў Гэдэр Ноерт, прэс-сакратар Дзярждэпартаменту ЗША.

Улічваючы непрадказальнасць паўночнакарэйскага рэжыму, ракета з ядраваю боегалоўкаю можа паляцець на Гуам хоць заўтра, іншая рэч, што ў Пентагоне не вераць не толькі ў здольнасць Пхеньяну запусціць балістычную ракету з баявою нагрузкаю на такую адлегласць, але і ўвогуле пацэліць у востраў.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Toru Hanai / Reuters / Reuters

Глядзі таксама
Каментары