Пётр Клюеў: Проста пішу і не думаю, ці я змагар, ці не


З музыкам Пятром Клюевым можна размаўляць пра ўсё, што заўгодна: хоць пра космас, хоць пра хаос. Ён пражыў больш за шэсць гадоў за мяжой, валодае некалькімі замежнымі мовамі і вярнуўся ў Беларусь, каб паводле яго, «прасоўваць у масы беларускую мову і культуру».

Аўтар і выканаўца спрабаваў свае сілы ў нацыянальным адборы на галоўны музычны конкурс Еўропы, але менавіта выступ у складзе гурта «Амплітуда смеласці» на ўкраінскім конкурсе «Х-фактар» прынёс яму папулярнасць у суседняй краіне.

Для чаго вяртацца на радзіму? Хто такі творца-змагар? Як жывецца маладым музыкам у нашае краіне? На гэтыя і іншыя тэмы мы паразмаўлялі з Пятром.

Ці ёсць наагул сэнс ехаць вучыцца кудысьці, каб потым вяртацца назад?

Вядома, каб атрымаць досвед, больш зразумець і палюбіць сваё. Не цэніш сваё, калі не пабачыш іншага! Памятаю часы, калі мая маці была жывая. І ты думаеш, калі яна ёсць – не, гэта здарыцца з іншымі, паміраюць мамы ў іншых, са мною ніколі гэтага не здарыцца. А потым яна памірае. Я, на жаль, у 22 гады пахаваў сваю маму, і вось цяпер я не хачу страціць сваю бацькаўшчыну, сваю краіну. Таму я асэнсаваў, зразумеў, што трэба любіць сваё. Без фанатызму – проста любіць рабіць сваю справу.

І з гэтай прычыны людзі вяртаюцца цяпер?

Вяртаюцца, на жаль, у меншасці. Таму што для большасці гэта чужое – любіць радзіму. Для іх гэтыя каштоўнасці нявартыя.

Наагул – добра ці кепска тут, у Беларусі, для творчых асобаў?

І добра, і кепска. Добра ў тым, што ў цябе ёсць пратэст. Але няма магчымасцяў. Нашыя песні не так лёгка «прабіць» на радыё, складана трапіць на тэлебачанне. Але гэта і не трэба: ёсць інтэрнэт – нашмат больш магутная «зброя», якая нам дае нават больш рэйтынгу.

Творца, калі ён знаходзіцца ў занадта камфортнай зоне, дзе яму ўсё дазволена – трошкі дэградуе.

А калі ў яго ёсць нейкія абмежаванні, не даюць гастрольку – гэта абсалютна выдатна для паэта, для творцы, для мастака.

Нехта будзе скардзіцца, жывучы ў Брунэі, у Бандар-Серы-Бегавані. У яго будзе мільярд долараў на рахунку, і ён страціць сэнс жыцця. А нехта будзе жыць нашмат больш шчаслівым за сто баксаў. І ён больш зробіць для грамадства нават у больш цяжкіх умовах. Мы самі ствараем свой сусвет навокал.

А ў цябе такое бывала, каб не давалі гастрольку?

Не, у мяне не было. Але выклікалі ў аддзел ідэалогіі, прасілі нейкія песні карэктаваць.

Якія менавіта?

Калі быў канцэрт у малой зале Палацу Рэспублікі. У мяне ёсць песня пра снежань. А канцэрт быў 21 снежня, праз год пасля Плошчы. І ідэолагі ўгледзелі ў назве алегорыю Плошчы і прасілі не спяваць. Але я проста праігнараваў – ўсё роўна песню выканаў.

А так у мяне ніколі асабліва праблемаў не было. Я за кансэнсус. Напрыклад калі ў мяне будзе магчымасць камунікацыі з Лукашэнкам ці з нейкімі чыноўнікамі, я не буду ім крычаць: «Ганьба! Вы – ганьбукі!».

А ў цябе ёсць той самы змагарскі дух? Ці можаш прылічыць сябе да змагарскіх музыкаў?

(Думае) І так, і не. Таму, што я не буду ніколі на гэтым рабіць папулізму і крычаць, што я змагар! Пісаць песні на замову… Я кладуся спаць, еду ў транспарце, займаюся з дзяўчынай сексам, і гэтак далей – і нейкая песня, нейкі матыў з’яўляецца пасля гэтага, разумееш? І гэта немагчыма кантраляваць.

Я за заклік да быцця патрыётам, любіць сваю краіну, але я не магу сябе прымусіць.

Кожны нармальны творца апрыёры ў пратэсце – нават да самога сябе – а што казаць пра іншых? У мяне да сябе прэтэнзіяў мільярд.

Ну ты ж напісаў «Майдан» калісьці…

А вось гэта было шчыра. Я перажываў, хваляваўся, 24 гадзіны ў мяне было ўключана «Громадське ТV». Я глядзеў онлайн з малым дзіцём, што ляжаў побач і шчыра хваляваўся. Я проста пішу і не думаю, ці я змагар, ці не.

А цяпер у цябе неяк усё лірычныя песні

А вось такі этап. А потым можа будзе зноў – я не ведаю. Гэта непрадказальна. Гэта як тыя сем планет, разумееш, якія адкрыліся. А можа яшчэ 20 будзе такіх – 20 тысячаў!

А чаму гэтыя планеты менавіта цяпер з’явіліся?

Ну гэта проста пытанне часу. Джордана Бруна калісьці крычаў, што ёсць іншыя планеты, іншыя зорныя сістэмы, дзе можа быць жыццё – і яго за гэта спалілі. Ну, гэткі час. Можна было з гэтай нагоды напісаць нейкі Wind of Change-2, як у 90-м годзе Scorpions пішуць гэтую песню пасля падзення Берлінскай сцяны.

А ў Беларусі можна напісаць нешта падобнае пра змены?

Можна, але калі яно з’явіцца. Штучна гэтага пісаць нельга. Я зараз быў на гастролях ва Ўсходняй Украіне – і звярнуў увагу толькі на другі, нават на трэці дзень, што над небам Славянску няма цывільных самалётаў. Я напісаў песню, якая называецца: «Над гэтым небам няма самалётаў».

Але гэта ты пра Украіну пішаш, а Беларусь?

Не абавязкова пра Украіну. Гэта алегорыя на месца, дзе людзі жывуць. Над іхным небам таксама няма самалётаў праз некаторыя прычыны.

Цяпер ты прыехаў з Украіны, дзе граў выступы на Усходзе.

Так, у тым ліку, дабрачынныя канцэрты дзіцячаму рэабілітацыйнаму цэнтру ў Святагорску, дзецям, пераселеным з акупаваных тэрыторыяў. І, ведаеш, гэта быў адзін з найцяжэйшых канцэртаў у жыцці. Некалькі сотняў дзетак ад 5 год… Звычайна я выходжу на сцэну, шчыра людзям кажу пра любоў, пра выкананне свайго паклікання. А там дзеткі – яшчэ 6, –7, –8, – ну былі і 15-гадовыя – а яны ўжо пабачылі вайну. І я думаю: «Што я скажу гэтым дзецям, якія страцілі бацькоў?»

У мяне ў самога дачульцы пяты годзік. Як тата, я разумею, як гэта цяжка – выхоўваць дзіцё.

У мяне адно дзіцё – і нялёгка гэта – нават з любоў’ю. А тут сотні дзяцей. Нібыта яны без будучыні. Я гляджу ў іхныя вочы і хвалююся. Каб нейкая гэтая дзяўчынка не стала прастытуткай. Каб той хлапец, які вырасце, не стаў забойцам.

Я гляджу ў іхныя вочы – і ў мяне абсалютна істэрычныя слёзы, проста град перад выступам за кулісамі.

Я ведаю, што ты выступаеш у гандлёвых цэнтрах у Менску. У чым там твая «місія»?

Я з’яўляюся першым музыкам у Беларусі, які практыкуе вулічныя выступы, але не на вуліцы. Гэта ўсё афіцыйна, з дазволу ўладаў, я пісаў адмысловыя лісты.

Гэта інтымнае. Шчыра кажучы, я не хачу агучваць у медыях. Калі людзям цікава, хай пішуць мне ў асабістыя. Я проста раблю такі «сацыяльны шок». Людзі звыкліся бачыць артыста ў пафасных месцах. І для мяне, маладога і невядомага выканаўцы – гэта, ведаеш, такі «эцюд над сабой».

Гандлёвы цэнтр. Я сядаю проста за фано без усялякай электрычнасці. Граю і спяваю свае песні, іншыя – па-рознаму, як настрой. Абсалютна без графіку, і гэта маё, уласнае. Я з дзіцём у вольны час, калі не з дзіцём, не маю выступу, ці рэпетыцыі, не працую над песняй – еду, проста граю. Гэта такая мая маленькая confessa, споведзь маёй душы ў публічным месцы.

І я табе скажу, што там найбольш адчуваеш, што ты – музыка, чым калі выступаеш на вялікай сцэне. А потым у мяне столькі энергіі нараджаецца ўнутры. Што я хачу даваць, даваць, даваць – і я даю людзям. Напэўна доўга не пражыву праз гэтае, але не магу па-іншаму. Я буду жыць так або ніяк.

І як рэагуюць?

Розныя рэакцыі. 99 % яны пазітыўныя: людзі прыйшлі купіць абутак, а яны бачаць, як я граю і спыняюцца. Бо не разумеюць, што гэта адбываецца. Збіраюцца часам па 80–100 асобаў навокал. Фатаграфуюць, ідуць на камунікацыі. Некаторыя людзі пазнаюць, кажуць: «О! Дык вы з X-фактару» – фоткаюцца – «крута, рэспект». А некаторыя: «Так вы ж маўляў такі знакаміты, а што вы так граеце, як вулічны музыка, у гандлёвым цэнтры, тут у вас чамадан. Вы што, бедны?».

Ці пішуць потым мне кранальныя каменты «УКантакце»: «Як файна!», «Вы кранулі маё сэрца», «А мы хочам вас запрасіць на вяселле, каб вы зайгралі гэтую песню».

Вернемся да перфомансу, што быў летась ля Камароўкі. Ведаю, што было ўжо шмат інфармацыі пра гэта. Распавядзі, у чым быў ягоны сэнс?

Гэта мы з Арт Сядзібай зладзілі такую брудную акцыю. Прыехаў на грузавіку, прывёз раяль, выгрузіў і пачаў граць.

Мы хацелі запытаць у насельніцтва, якая будзе назва новай валюты. Людзі прапаноўвалі і «бы» напісаць, і «пракапейкі». Вельмі вясёлы інтэртэймэнт атрымаўся.

Фота Facebook

Я граў класіку на піяніна, Арт Сядзіба раздавала беларускія стужкі, людзі падыходзілі, смяяліся, рабілі фотаздымкі.

Потым вылецела начальства Камароўскага рынку, міліцыя прыехала: «Мужчына! Чэм вы здзесь занімаецесь?! Вам што, нечым заняцца?!» – я кажу, я граю Шапэна – і яны стаяць, такія, начальнічкі і не ведаюць, што працягнуць.

Таму што я ж нічога дрэннага не раблю. І гэтая такая была маленькая акцыя, каб культурна патроліць «савецкія» улады. Бачыла гэты фотаздымак на некалькі дзён таму, дзе «дармаедка» апраўдваецца перад чыноўнікамі?

Так, гэты фотаздымак перадрукавалі розныя медыі.

Яна сядзіць закрыўшы твар рукамі, у яе там нейкія паперы, пашпарт. Яна мусіць апраўдвацца, чаму не можа аплаціць падатак – а гэтыя з тылу людзі сядзяць «буэ, буэ, буэ» (паказвае).

Фота: Рагачоў tut.by/Іван Ярывановіч

Гэта ў мяне выклікала такое абурэнне, нават агіду і сорам. І, ведаеш, таксама з’явіліся матывы музычныя.

Негатыў за краіну ці за людзей?

Не, не за краіну. Часткова за людзей. Ведаеш, я настолькі люблю людзей, наколькі іх ненавіджу. Вось такія тэзы, якія будуюцца на абсалютна супрацьлеглых пачуццях адзін да аднаго.

І наколькі я люблю беларусаў, бачачы такіх людзей, як Зміцер Дашкевіч, іншых актывістаў, якія смела змагаюцца за сваю краіну – мне сорамна, што напрыклад зараз не сплю ў Курапатах. Што я там не магу быць фізічна, з хлопцамі гэтымі.

Я займаюся канцэртамі выступамі рэпетыцыямі, у мяне, на жаль, шчыльны графік, і беларусізацыю нясу праз сваю працу. Але я здымаю перад імі шляпу і здымаю скальп. Таму што дзякуючы такім людзям грамадства трымаецца і менавіта яны з’яўляюцца балансам у грамадстве.

Ты казаў што ты любіш і ненавідзіш адначасова людзей…

«Люблю ці кахаю… Сябе я зноў пытаю…»

Менавіта. І самы час перайсці да пытанняў пра асабістае жыццё…

Ніякага асабістага жыцця! Вось адказ на тваё пытанне.

Усё, на гэтым мы скончым?

Не, проста я выхоўваю дачульку. У мяне такія дужа санта-барбарскія зносіны з маёй … з Аняй, якую я паважаю і зараз.

Тады пракаментуй тое, што naviny.by уключылі цябе ў топ зайздросных беларускамоўных жаніхоў.

Ды яны проста вырашылі мяне патроліць. Я вельмі шчыра пасмяяўся.

Я вельмі люблю, калі «Наша Ніва» троліць спадара «свецкага льва». Трэба людзей трошкі прывучаць, каб яны смяяліся і радаваліся з нас самых, а не ургантаў і іншых расейскіх зорак, актывістаў ці дзеячаў.

У нас ёсць свае выдатныя людзі, яшчэ нават больш вясёлыя, чым расейскія папулярныя медыйныя персоны. У нас ёсць свая прастора, якою з часам мы завалодаем і будзем браць прыклад з Украіны, калі будзе канкурэнцыя ў сваёй краіне. Калі будзе камерцыйнае тэлебачанне, выдатныя шоу на высокім узроўні.

ВД, belsat.eu

Стужка навінаў