«Расея чакае ад Беларусі канкрэтных саступак». Эксперт пра перамовы Пуціна і Лукашэнкі


Старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтру ўсходніх даследаванняў Каміль Клысіньскі лічыць, што мадэль беларуска-расейскіх дачыненняў «газ у абмен на пацалункі» ўжо не працуе.

Сяргей Пеляса: Лукашэнка едзе ў Расею сустракацца з Пуціным. Гэта азначае, што яны дамовіліся па нафце, газе ды іншых праблемах ці не азначае?

Каміль Клысіньскі: Пакуль у нас няма такіх перадумоваў, каб гэтак ацэньваць перамовы паміж Расея і Беларуссю. Сапраўды, гэтыя перамовы ідуць, але яны не вядуць ні да якіх канчатковых вынікаў. Сустракаліся прэмʼеры абедзвюх краінаў – Кабякоў і Мядзведзеў, – але так і не дамовіліся. Дзяржавы застаюцца на сваіх пазіцыях. Бачна, што Расея перадусім не зацікаўленая, каб падтрымліваць Беларусь на папярэдніх умовах. А беларускі бок усё яшчэ чакае і сілкуе ілюзіі, што Расея будзе гуляць па ранейшых правілах – газ у абмен на пацалункі. Але гэта ужо не працуе.

Складваецца ўражанне, што Лукашэнка з дапамогай сілавікоў зарганізаваў гэткую інфармацыйную кампанію: разагнаў пратэсты і пасадзіў «баевікоў», каб паказаць Пуціну, што кантралюе сітуацыю: маўляў бандэраўцаў няма, фашыстаў няма – давайце вырашаць эканамічныя праблемы. Гэта спрацуе?

Мяркую, што гэтага мала для Пуціна і Крамля. Гэта ўжо не першыя перамовы, і Расея чакае чагосьці большага, чым тыя старыя пласцінкі, якія запускае Лукашэнка. Лагеры ў Літва, Польшчы, фінансаванне з боку заходніх спецслужбаў ужо ведаем. Гэта было і цяпер ужо нікога не хвалюе. Магчыма, гэта ўплывае на некаторых грамадзянаў Беларусі, але па настроях у грамадства відаць, што калі людзі баяцца выйсці на вуліцу, бо ўлады настроеныя жорстка, гэта не змяняе поглядаў і не вяртае давер да ўлады. А для назіральнікаў на Захадзе і ў Крамлі гэты тым болей смешна, гэтыя абвінавачванні і змовы, якія выкрываюцца раптам у Беларусі і ў суседзяў. Гэта ідзе не ў той бок, у які павінна. Расея чакае канкрэтных саступак, а не сігналаў і дэманстрацыяў з боку Лукашэнкі.

Якія гэта саступкі? Вайсковая база? Ці можа больш глыбокі ўдзел у палітычнай інтэграцыі з Расеяй, як таго хоча Пуцін?

І першае, і другое. У агульных рысах чакае, што папулярнасць Лукашэнкі вырасце. Пры гэтым – рэзка, бо яна не з’яўляецца з пункту гледжання Масквы недастатковай.

Лукашэнка занадта тонка або занадта хітра гуляе і спрабуе займаць занадта разважлівую для Расеі пазіцыю па Украіне. Наконт авіябазы пад Бабруйскам – гэта істотны сімвал поўнага кантролю над Беларуссю.

Калі гэтая авіябаза з’явіцца ў Беларусі, усім будзе зразумела, што – згушчаючы фарбы – Лукашэнка здаўся.

А калі гэтая справа будзе зацягвацца, усім будзе зразумела – мяркую, так думае сам Лукашэнка – што ён так або іначай усцяж незалежны ад Расеі і мае сваю прастору для манеўра. Таму гэтае пытанне таксама даволі казытлівае і складанае для абодвух бакоў.

На што Лукашэнка разлічвае, фактычна граючы на мяжы фолу? Ці ён яшчэ разлічвае на фінансавае падтрыманне з боку Захаду?

Паводзіны сілавых структураў, так званых органаў правапарадку, 25 сакавіка, перадусім у Менску, дэманструюць, што беларускія ўлады ўсё ж такі яшчэ разлічваюць на падтрыманне з боку Захаду, таму што, са свайго пункту гледжання, яны дзейнічалі тонка і па-еўрапейску, як спрабаваў нас пераканаць прэс-сакратар беларускага МЗС 26 сакавіка, калі я добра памятаю.

Затрымалі шмат людзей, сотні, некаторых білі. Вядома, не было брутальных збіццяў але ці сапраўды гэта тое, што ў Еўропе могуць успрыняць як мяккае затрыманне?

Гэта мала, каб увесці санкцыі, на маю думку: гэта яшчэ не тое, што было ў 2010-м. Пакуль палітвязняў у Беларусі яшчэ няма. Падкрэсліваю, што пакуль. Гэта такая чырвоная лінія, істотная для дыялога з Еўразвязам.

Як я ўжо сказаў, занадта мала для санкцыяў, але занадта шмат, каб казаць, што нічога не адбылося. І насамрэч, ЕЗ вельмі скептычна на гэта глядзіць і будзе рабіць вынікі – напрыклад, вырашаючы пытанне па падтрыманні МВФ беларускага запыту па крэдыту.

24 сакавіка прэс-служба амерыканскай амбасады ў Менску заявіла, што Лукашэнку запрасілі на святкаванне стагоддзя далучэння ЗША да I сусветнай вайны. Ці яму б было карысна, чакаючы на крэдыт ад МВФ, паехаць?

На гэты момант гэта можа быць занадта рызыкоўна і занадта смела, таму што там Лукашэнка мог б нарвацца на розныя балючыя пытанні пра ўнутраную палітыку, рэпрэсіі, нарвацца на крытыку з боку амерыканскіх медыяў, НДА, некаторых амерыканскіх палітыкаў – МакКейна, напрыклад, які зрабіў гэткую рэзкую заяву. Гэта занадта нязручна і рызыкоўна. Я б на ягоным месцы туды б не ездзіў – калі проста паспрабаваць паглядзець з ягонага пункту гледжання.

Так, асабліва праз тры дні пасля сустрэчы з Пуціным. Чым можа скончыцца сустрэча з прэзідэнтам Расеі?

У нашым Цэнтры ідзе дыскусія на гэты конт, і не ўсе згодныя адзін з другім. Я трымаюся скептычнае думкі, што гэтая сустрэча скончыцца гэткай дыпламатычнай заявай, якая нічога не зменіць, а мы ніякіх падрабязнасцяў пра яе не даведаемся.

Размова Сяргея Пелясы з Камілем Клысіньскім адбылася ў студыі праграмы «ПраСвет» 31 сакавіка.

Глядзіце выданне цалкам

Стужка навінаў