Кляшчы: што трэба пра іх ведаць і як бараніцца


Belsat.eu сабраў у адным месцы найлепшыя рэкамендацыі, як бараніцца ад небяспечных паразітаў.

Шмат хто з нас чуў страшныя гісторыі, як кагосьці ўкусіў клешч і потым гэты чалавек стаў інвалідам або памёр. Шмат якія людзі вельмі баяцца клешчаў, і гэта абгрунтавана, бо яны насамрэч могуць заразіць небяспечнымі інфекцыйнымі хваробамі: энцэфалітам, барэліёзам ды іншымі. Нягледзячы на наяўнасць некаторай інфармацыі ў інтэрнэце, мала хто ведае, як правільна абараняцца ад гэтых крыважэрных стварэнняў.

Варта памятаць, што небяспека вас можа чакаць нават у звычайным парку, дзе вы гуляеце ў фрысбі або выгульваеце свайго сабаку. Каб ведаць, у якіх месцах вашага гораду высокая канцэнтрацыя кляшчоў, давядзецца пашукаць у інтэрнэце. Звычайна службы кантролю за кляшчамі падрыхтоўваюць для пільных грамадзянаў адмысловыя мапы. У перыяд з траўня да кастрычніка пасля наведвання паркаў і лясоў кожны раз аглядайце ўсё сваё цела, а лепей прасіце зрабіць гэта вашых блізкіх.

На тэму кляшчоў існуе міф, што яны скачуць з дрэваў уніз на чалавека. Насамрэч гэта няпраўда. За рэдкім выключэннем клешчы сядзяць на вышыні не больш за 1,5 м – бліжэй да ахвяры, каб можна было лягчэй зачапіцца. Таму спачатку, перад тым, як ісці ў лес, трэба як след падрыхтавацца.

Як адзявацца

Першае правіла – шорты і спадніцы не пасуюць для лесу. Адзяваць трэба штаны, пажадана завужаныя, а ідэальна – запраўляць іх у шкарпэткі. Абутак мусіць быць высокі, пажадана, ахопліваць вашую нагу як мага вышэй. Важны і колер адзення. Яно мусіць быць аднатоннае, бо так лепей заўважыць кляшча, які ўжо шукае ўтульнае месца на вашым целе.

Кофты, цішоткі, кашулі абавязкова мусяць быць з доўгім рукавом. Вітаюцца любыя рэчы з манжэтамі, а гольф, які закрывае нават шыю, стане ідэальным варыянтам для паходу ў лес. Вельмі добра, калі ёсць магчымасць прыкрыць галаву капюшонам. Апошняя парада, не звязаная з адзеннем, але крытычна важная – калі ў вас доўгія валасы, завязвайце іх у хвост.

Не забывайце пра рэпеленты. Цяпер вельмі шмат сродкаў, якія дапамогуць вам пазбегнуць укусу, але старайцеся абіраць не самыя танныя. Чым даражэйшы рэпелент, тым лепш ён вас ахоўвае.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Клешч укусіў, што рабіць?

Крывасмока трэба неадкладна выдаліць. 2 гадзіны – крытычны тэрмін. Чым менш часу клешч перабывае ў вашым целе, тым меншая верагоднасць, што ён вас заразіў інфекцыяй. Зачапіць павукападобнага можна баваўняна-папяровай ніткай. Рабіць гэта трэба вузлом, які зацягваецца вакол хобату, як мага бліжэй да цела, асцярожна паўтараючы дзеянні ківача.

Даставаць цела кляшча трэба супраць гадзіннікавай стрэлкі ды вельмі асцярожна, без рэзкіх рухаў – з боку ў бок. Калі вы пачняце спяшацца, можаце адарваць ад кляшча таксічны хабаток, які застанецца ў вашым целе, або вы расплюшчыце самога кляшча.

Калі хобат застаўся ўнутры вас, выдаліце яго як звычайную стрэмку, з дапамогаю распаленай іголкі. Можна скарыстацца і пінцэтам. Галоўнае памятаць пра гігіену і выдаляць кляшча ў пальчатках, асабліва калі на руках ёсць раны.

Існуюць і больш нетрадыцыйныя спосабы. У інтэрнэце іх вялікае мноства, аднак лепей карыстацца самым правераным – з дапамогай ніткі. Насуперак парадам на розных сайтах нельга змазваць казюрку алеем або выдаляць яе без адмысловых прыстасаванняў.

Атрымалася дастаць, што далей?

Прамыйце месца ўкусу перакісам вадароду, а потым апрацуйце спіртам або зялёнкай. Трэба змясціць кляшча ў герметычную ёмістасць з вільготнаю папераю, каб пакінуць яго жывым да аналізу. Дастаўце кляшча ў лабараторыю не пазней, чым праз 48 гадзінаў пасля ўкусу.

Аднак не варта адразу бегчы ў цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Варта параіцца з доктарам. Ён мусіць прааналізаваць усе абставіны вашага ўкусу і толькі потым вырашаць, што рабіць далей. Памятайце, на тэрыторыі Беларусі большая частка кляшчоў не пераносчыкі хваробаў.

Так ці інакш, цягам 10 дзён трэба назіраць за сваім станам, мераць тэмпературу цела, аглядаць месца ўкусу. Не карыстайцеся народнымі метадамі або самалячэннем. Калі вам стала горш, а месца, дзе прычапіўся клешч, стала чырванець або прыпухаць, вы мусіце неадкладна звярнуцца да доктара.

Гарась Валатовіч, belsat.eu

Стужка навінаў