Клінтан ці Трамп? 7 дзён да галоўных выбараў свету


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=jw6unkTf538″][vc_column_text]Да выбараў прэзідэнта ЗША застаецца роўны тыдзень. У Доналда Трампа і ягоных прыхільнікаў – другое дыханне, яны абяцаюць эфект, «мацнейшы за брэкзіт». А Гілары Клінтан працягвае апраўдвацца і вінаваціць Трампа ў сувязях з Крамлём.

У апошнія дні выбарчай кампаніі ў ЗША сапраўдным трэцім гульцом стаў дырэктар FBI Джэймз Камі. Ягоную заяву аб аднаўленні справы ў сувязі з ліставаннем Клінтан з прыватнага паштовага серверу для службовай перапіскі абмяркоўваюць і палітыкі, і выбарнікі.

«Гэта не зменіць майго выбару, я буду галасаваць за Клінтан. Усё гэта раздражняе мяне, бо гэта не навіна, мы нават не ведаем, ці маюць гэтыя апошнія паведамленні ў ейнай электроннай пошце нейкае значэнне», – кажуць адныя.

«Я не думаю, што Клінтан добры кандыдат, калі яна будзе прызнаная вінаватай. Што да Трампа, ён таксама дрэнны, і ягоныя заявы і ўвогуле – усё, што ён робіць. Так што я не ведаю, за каго галасаваць», – заяўляюць іншыя.

Што да асобы кандыдата ад рэспубліканцаў, паводле амерыканскіх медыяў, Федэральнае бюро расследаванняў не знайшло ніякіх сувязяў Трампа з Расеяй. Да таго ж скандальны мільярдэр атрымаў яшчэ адзін козыр. Выкрылася, што Клінтан загадзя ведала пытанні да дэбатаў з Сэндэрзам, яшчэ ў часе праймэрыз Дэмакратычнай партыі. На фоне гэтых абвінавачанняў, прынамсі апошнія дні, Трамп адчувае сябе пераможцам.

«Гэта амаль цуд, тое, што адбываецца цяпер, мы вядзем у апытаннях грамадскай думкі, мы вядзем у штатах. Гэта неверагодна. Вы ўсе павінныя пайсці і прагаласаваць. Мы пераможам і гэта будзе вялікая падзея», – заявіў Трамп.

Рыторыка Клінтан пра Трампа не мяняецца: яна ўсцяж заклікае кандыдата ад рэспубліканцаў распавесці пра сувязі з уладамі Расеі. Былая дзяржсакратарка ўпэўненая, што за атакамі на серверы Дэмакратычнай партыі стаяць расейскія спецслужбы. І, як раней, Клінтан закідвае Трампу непадрыхтаванасць да пасады нумар адзін у Белым доме.

«Я ўжо шмат разоў казала, уявіце сабе гэтага чалавека з ядравай зброяй. Доналд Трамп, які губляецца падчас мінімальнай правакацыі, ад пытання карэспандэнта, ці калі ён бачыць дэманстранта на мітынгу. Што ён будзе рабіць у Авальнай залі, калі сутыкнецца з сапраўдным крызісам», – кажа Гілары Клінтан.

Дырэктара ФБР, які сваймі заявамі зблытаў усе прагнозы адносна вынікаў выбараў, нават пачалі вінаваціць ва ўмяшанні ў хаду кампаніі. Цяпер вынікі галасавання 8 лістапада не бяруцца прадказваць нават аналітыкі.

«Гэта будзе сапраўдная драма: ніхто не ведае сцэнару гэтых выбараў і дзе будзе пастаўленая кропка. Калі вы паглядзіце на асноўныя апытанні, так, цягам года дзяржсакратар Клінтан была наперадзе. Але, насамрэч, усё магчымае, і абодва кандыдата маюць шанцы», – лічыць Бойд Мэтэсан з аналітычнага цэнтру «The Sutherland Institute».

Фактычна выбары ў Штатах ужо ідуць. Амерыканцы галасуюць датэрмінова і, паводле экспертаў, гэтым разам папярэдне могуць прагаласаваць каля 40 % выбарнікаў. І калі тыдзень таму безумоўным фаварытам была экс-дзяржсакратар, то цяпер, паводле розных апытанняў, рэйтынгі кандыдатаў адрозніваюцца ўсяго на 1–2 %.

Аркадзь Несцярэнка

Стужка навінаў