Клінтан правяла ў Беларусі 6 гадзінаў і «закідала Лукашэнку камянямі»

video

Ірына Шушкевіч (жонка Станіслава Шушкевіча) і Гілары Клінтан Фота: kp.by

Дональд Трамп перамог на выбарах у ЗША. Якой будзе ягоная палітыка ў дачыненні Беларусі? Гэтага не ведае ніхто, бо міліярдэр ніколі не згадваў пра Беларусь. У адрозненні ад Гілары Клінтан… 

У 1994 годзе яна наведала Менск разам са сваім мужам (на той момант 42-ім прэзідэнтам Злучаных Штатаў) Білам Клінтанам. З таго часу мінула 22 гады. У Белым доме двойчы мяняліся гаспадары (калі не лічыць Доналда Трампа)  – два разы на прэзідэнцкіх выбарах перамагаў рэспубліканец Джордж Буш (малодшы) і столькі ж разоў aut cum scuto уваходзіў у галоўны амерыканскі будынак дэмакрат Барак Оўбама. У Беларусі за гэтыя гады мянялася толькі фарба на будынку Адміністрацыі прэзідэнта. Ну, і мадэлі мабільнікаў канешне ж…

Мокры хлеб са смакам беларускай безнадзейнасці

У беларускай сталіцы Клінтаны правялі крыху больш за 6 гадзінаў – былі «праездам з Масквы». Праграмай візіту Гілары займалася жонка Станіслава Шушкевіча (старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь – у 1994 годзе першая асоба ў краіне).

«На лётнішчы амерыканцы загадалі пакласці апаратуру, якую абнюхаў сабака. Адзін дасціпнік усім паведаміў, што амерыканскі сабака не зрэагаваў на бутэрброд з каўбасой у скрынцы з фотаапаратам, – узгадвае візіт Клінтанаў журналіст і пісьменнік Сяргей Астраўцоў. – Менскі аэрапорт здаваўся ў тыя часы амаль мёртвым, «брамай у неба» якогасьці мядзведжага кута. А 15 студзеня ў ім прызямліліся па чарзе тры вялізныя «боінгі», якіх мы раней ня бачылі на свае вочы… У першым, з нумарам «28000» на хвасце прыбылі дарадчыкі Клінтана. Другі, прэзідэнцкі, (нумар «29000») сеў праз 12 хвілін – дакладна аб 11-й. Перш выйшлі людзі з задніх дзвярэй у хвасце самалёта. Потым з цэнтральнага трапу спусціліся чалавек пяць-шэсьць. Пасля іх – Біл Клінтан з жонкай Гілары.

Іх чакалі Станіслаў Шушкевіч з жонкай і амерыканскі амбасадар Дэвід Суорц. Таксама змерзлыя дзяўчаты ў фальклорных строях (падаў сцюдзёны зімовы дождж) і дзядзька ў шапцы-піражку, які трымаў для іх каравай. Цікава: якім быў смак халоднага мокрага хлеба беларускай выпечкі? Ці адчуў яго амэрыканскі госьць? Ці меў ён прысмак безнадзейнасьці?».

Падчас візіту ў Менск Гілары апранулася не па надвор’і. З трапу самалёту яна спусцілася футравай шапцы, якую неўзабаве адправіла у багаж. Першая лэдзі не была гатовая да таго, што ў Беларусі мяккі еўрапейскі клімат, – гаворыцца ў матэрыяле «Беларусь 1», прысвечаным Гілары Клінтан. У сюжэце былы міністр аховы здароўя Васіль Казакоў распавядае кур’ёзную гісторыю, якая здарылася з новым кіраўніком ЗША падчас візіту ў менскі шпіталь.

Hillary Clinton przywiozła na Białoruś pomoc humanitarną.
Hillary Clinton przywiozła na Białoruś pomoc humanitarną.
Hillary Klinton i były minister ochrony zdrowia Wasil Kazakow (trzeci z lewej).
Hillary Klinton i były minister ochrony zdrowia Wasil Kazakow (trzeci z lewej).
wx1080
List z podziękowaniami do Wasyla Kazakowa za "zapadający w pamięć przykład". Foto: kp.by
List z podziękowaniami do Wasyla Kazakowa za "zapadający w pamięć przykład". Foto: kp.by

Маці аднаго з пацыентаў апранула сваё дзіця ў майку з надпісам: «Я не люблю Амерыку». Яна не ведала ангельскую, – распавядае Казакоў. – Пазней дзіця пераапранулі.

У менскім шпіталі Гілары выпіла гарбаты з самавара і ўручыла гуманітарную дапамогу на $ 2,5 млн. Пасля чаго паспела разам з дачкою Чэлсі схадзіць на «Карміна Бурана» ў Тэатр оперы і балету.

З таго часу амерыканскія лідары ні разу не прыехалі ў Беларусь.

Дзяржсакратар Клінтан і каменне ў агарод Лукашэнкі

У 2009-ым Гілары Клінтан заступіла на пасаду дзяржсакратара (міністр замежных справаў).  За 4 гады ў Дзярждэпе яна некалькі разоў узгадвала Беларусь у сваіх выступах. Кожны раз нагодай былі праблемы з дэмакратыяй або правамі чалавека.

Першы камень. Ізаляцыя беларускага парламенту

У красавіку 2010 года Клінтан падтрымала палітыку ЕЗ, у прыватнасці Еўрапарламенту, які з 1996 года не падтрымліваў дачыненні з беларускім Нацыянальным сходам (Захад лічыць беларускі парламент нелегітымным).

Другі камень. Беларускі ўрад не прыкладае ўсе намаганні ў барацьбе з гандлем людзьмі

У 2012-м Гілары Клінтан узгадала Беларусь, прадстаўляючы штогадовую справаздачу пра гандаль людзьмі ў свеце, ў якой наша краіна апынулася побач з Венесуэлаю і Іракам. У раздзеле справаздачы, прысвечаным Беларусі, гаварылася, што праз нашу краіну адбываецца транзіт людзей «якія сталі ахвярамі сексуальнай эксплуатацыі і прымусовай працы».

Трэці камень. Выбары

У сакавіку 2012-га экс-дзяржсакратар ЗША абмеркавала беларускае пытанне з былым міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім. У перыяд гэтак званага пацяплення дачыненняў паміж афіцыйным Менскам і Бруселем Польшча была адным з ініцыятараў наладжвання дыялогу з беларускімі ўладамі, але пасля разгону Плошчы-2010 19 снежня ў Менску, Варшава стала найбольш актыўным у Еўропе лабістам узмацнення міжнародных санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі. Зрэшты, Злучаныя Штаты мелі больш жорсткую пазіцыю адносна афіцыйнага Менску.

Чацверты камень. Палітвязні

«Мы супольна патрабуем вызвалення беларускіх палітычных вязняў. Менск павінен выбраць шлях дэмакратычных пераўтварэнняў», – патрабавала ад Аляксандра Лукашэнкі дзяржсакратар Клінтан у жніўні 2011 падчас свайго візіту ў Літву.

«Алесь Бяляцкі нядаўна быў асуджаны нібыта за нясплату падаткаў. Але рэальна яго судзілі за тое, што ён абараняў правы іншых», – тлумачыла свету Клінтан на сесіі АБСЕ ў Вільні. Акрамя Бяляцкага, адзначыла яна, у Беларусі ёсць і іншыя палітвязні — у прыватнасці, экс-кандыдаты у прэзідэнты Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч.

«Сёння мы прыгадваем гадавіну пачатку жорсткіх рэпрэсіяў беларускіх уладаў супраць грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыі і незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Цягам апошніх 12 месяцаў беларускія ўлады арыштоўваюць мірных дэманстрантаў і падаўляюць пратэсты. За гэты час паступалі вартыя даверу паведамленні аб зняважлівым і бесчалавечным абыходжанні з палітвязнямі. Некаторыя з іх былі вызваленыя, аднак мы паўтараем наш заклік аб неадкладным вызваленні і рэабілітацыі ўсіх палітзняволеных, уключна з экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Андрэем Саннікавым і Мікалаем Статкевічам, а таксама праваабаронцам Алесем Бяляцкім». Гэта ўрывак супольнай заявы Гілары Клінтан і вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу Кэтрын Эштан па Беларусі, якая прагучала ў 2011-ым.

Пяты. Саветызацыя пад выглядам інтэграцыі

У кулуарах канферэнцыі па правах чалавека ў Дубліне Клінтан заявіла, што рэпрэсіі супраць апазіцыі ў краінах Усходняй Еўропы і Сярэдняй Азіі могуць прывесці да новай «саветызацыі» ў гэтым рэгіёне. Паводле яе, працэс «саветызацыі» можа быць прадстаўлены пад такімі назвамі, як «Мытны саюз» ці «Еўразійскі саюз» – тыя самыя саюзы ў якія мы «паспяхова» уступілі.

Мы будзем размаўляць з Лукашэнкам больш жорстка, абяцала Клінтан у 2011-ым. Наўрацці ў 2016-ым яна пагладзіць яго па галоўцы. Хутчэй за ўсё праігнаруе, як палітыка другога плану, які круціцца нібы вуж на патэльні, шукаючы запасны выхад з беларуска-расейскай эканамічнай камуналкі.

Каму з беларусаў паціснула руку Гілары Клінтан?

Займаючы пасаду дзяржсакратара Гілары Клінтан сустрэлася з рэдактаркай сайта charter97.org Наталляй Радзінай, прадстаўнікамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцінам Стэфановічам і Таццянай Равяка, старшынём Беларускага Хельсінкскага камітэту Алегам Гулаком, кіраўніком працоўнай групы Асамблеі недзяржаўных арганізацыяў Беларусі Сяргеем Мацкевічам, дырэктарам Беларускага Дома правоў чалавека ў Вільні Ганнай Герасімавай, старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаннай Літвіной.

Foto: charter97.org
Foto: charter97.org

«Для мяне вялікі гонар сустрэцца з вамі. Няма больш складанай працы, чым тое, што вы робіце, тое, што вы спрабуеце пабудаваць дэмакратыю ў сваёй краіне. Мы ведаем, што мінулы год быў вельмі складаным для народа Беларусі. Мы ведаем, што кожны дзень адбываюцца арышты, прымаюцца рэпрэсіўныя законы, пераследуюцца актывісты грамадзянскай супольнасці. Мы працягваем заклікаць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітвязняў. Гэта больш за 50 чалавек, якія знаходзяцца ў турме або так ці інакш абмежаваныя ў свабодзе. Разам з еўрапейскімі партнёрамі мы працягнем рабіць усё магчымае супраць рэжыму Лукашэнкі. Я маю на ўвазе санкцыі і забарону на перамяшчэнне», – заявіла падчас сустрэчы ў 2011 годзе Клінтан.

У тым жа годзе Гілары Клінтан узнагародзіла беларускую апазіцыйную актывістку Насту Палажанку («Малады фронт») Міжнароднай жаночай прэміяй за мужнасць, якую Дзяждэпартамэнт ЗША прысуджае штогод 10 жанчынам розных узростаў і нацыянальнасцяў.

«Наста Палажанка (не змагла прыехаць на ўручэнне ўзнагароды) з Беларусі і жыве ў складаны час. Краіна ў цэнтры Еўропы дагэтуль прыгнятае свой народ, фальсіфікуе выбары, самым жорсткім і брутальным чынам знявольвае палітычных апанентаў, каб іх папалохаць. Але яна не спужалася і выказала сваю пазіцыю (Палажанка правяла два месяцы ў СІЗА КДБ і праходзіла па справе г. зв. Плошчы-2010 – Заўв. belsat.eu)», – сказала падчас цырымоніі Гілары.

Юрась Высоцкі, Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары