Клімат у беларускай зоне адчужэння можа прывесці да распаўсюджвання радыяцыі


Тэмпература ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку з кожным годам павышаецца. У 2015 годзе тут успыхнулі пажары, якія могуць паўтарыцца ў будучыні. Сярэдняя тэмпература з 1997 па 2015 год тут вырасла на 1,2 градуса. У 2015 годзе сума ападкаў была ў 1,5 разы ніжэй за норму, а выпаральнасць вельмі высокая. Снежнае покрыва таксама было мінімальным за апошнія пяць гадоў.

Пажары небяспечныя тым, што радыеактыўныя часціцы трапляюць у паветра і разносяцца ветрам на вялікія тэрыторыі. Падчас пажараў 2015 года перавышэнне радыеактыўнага фону ў бліжэйшых населеных пунктах не было выяўлена. Аднак у будучым такая небяспека можа рэалізавацца.

Палескі запаведнік – гэта не проста зона, забруджаная радыенуклідамі. Пэўная доля забруджвання тут абумоўлена наяўнасцю паліўных часціц, распавёў ej.by намеснік дырэктара па навуковай рабоце Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка Юрый Бондар. Гэта мікраскапічныя часціцы ядравага паліва Чарнобыльскай атамнай станцыі, якія могуць патрапіць у арганізм чалавека з паветрам.

Тэрыторыя запаведніка таксама забруджаная трансуранавымі элементамі, якія пры распадзе ўтвараюць небяспечны элемент амерыцый. Ён вельмі рухомы, і ёсць вялікая небяспека яго трапляння ў жывыя арганізмы.

На тэрыторыі запаведніка на 700 гектарах зямлі вядзецца сельская гаспадарка. Акрамя таго, у запаведніка ёсць права прадаваць мясцоваму насельніцтву паліўную драўніну. Нарматыў па змесце радыенуклідаў у драўніне існуе толькі па цэзію, па стронцыю ён не ўстаноўлены. Аднак расліны актыўна назапашваюць менавіта стронцый, і паліва з заказніка мае перавышэнне па стронцыю.

«Фармальна вытрымліваючы тыя нарматывы, якія ўстаноўлены заканадаўствам, маральна мы парушаем права і не выконваем сваю задачу па перадухіленні вынасу радыенуклідаў за межы зоны», – сказаў намеснік дырэктара запаведніка.

ДР, belsat.eu паводле ej.by

Стужка навінаў