Кітайскі тэхнапшык у беларускай эканоміцы


8 падпісаных рэзідэнтаў і яшчэ 14 міжнародных інавацыйных кампаніяў, гатовых пабудаваць тут свае заводы. Гэтак дырэкцыя кітайска-беларускага індустрыяльнага парку прэзентавала вынікі сваёй працы яшчэ год таму.

Паводле галоўнага інжынера будаўнічай пляцоўкі Кітайскай інжынірынгавай кампаніі «CAMC», якая ўзводзіць індустрыяльны кластар ля Менску, працы ідуць з апераджэннем графіку і закончацца на год раней за план.

«Большасць засталося, адсоткаў 30. Але там ужо ў гэтыя 30 % уваходзіць ужо пастаўка абсталявання, будаўніча-мантажныя работы», – распавядае Віктар Дамброў, галоўны інжынер будаўнічай пляцоўкі «CAMC».

Але шпарка справа ідзе толькі ў той частцы, якую нашая дзяржава фінансуе за кітайскі крэдыт на $ 150 млн. А менавіта – будаўніцтва інфраструктуры парку: дарогаў, трубаў, дратоў і будаўнічых пляцовак для будучых заводаў.

Праблема, аднак, у тым, што будаваць гэтыя самыя заводы ахвотных дагэтуль няма. У адказ на пытанне «Белсату» кіраўніцтва парку прызнала, што дзясяткі інавацыйных кампаніяў, што ўрачыста падпісалі з Менскам ні да чаго не абавязальны мемарандум аб намерах, рэальныя грошы ўкладаць пакуль не наважыліся. Зрабіла гэта толькі адна фірма, але – не зусім інавацыйная.

«У нас толькі адзін рэзідэнт – «China Merchants Group», і ўсё. «China Merchants», ну, і кампанія «САМС», якая будуе сеткі і будынкі першай чаргі», – зазначае Віктар Дамброў.

«China Merchants Group» – кітайская кампанія, будуе на тэрыторыі парку лагістычны цэнтр. Груба кажучы – склад, падобны да дзясяткаў іншых, што паўсталі ў нашай краіне за апошнія 5 гадоў. З адною толькі істотнаю розніцай. Усе рэзідэнты тэхнапарку ўзамен на прарыўныя тэхналогіі, абяцаныя афіцыйнаму Менску Пекінам, маюць у нашай краіне найвялікшыя ільготы, сярод іншага – дзесяцігадовае вызваленне ад падаткаў на маёмасць, нерухомасць ды прыбытак.

«Калі такіх заводаў ня будзе, ці яны будуць у недастатковай колькасці, то гэты лагістычны цэнтр будзе служыць для пераарыентавання грузавых патокаў, якія ўжо існуюць. Хаця ў індустрыяльным парку ёсць нейкія ільготы і, адпаведна, за кошт гэтых ільготаў яны змогуць забяспечыць той узровень рэнтабельнасці, які неабходны», – тлумачыць Кацярына Казырэвіч, дырэктарка кансалтынгавай агенцыі.

Чаму ж такія беспрэцэдэнтныя паслабленні не прывабілі тых інвестараў, якіх спрабавалі залучыць улады: вытворцаў смартфонаў кшталту «ZTE» ці «Huawei», бія-нанатэхналагічныя кампаніі? На думку эканаміста Сяргея Чалага, праблема – у зменлівасці айчыннай эканамічнай палітыкі ды ненадзейнасці судовай сістэмы.

«Самая гэтая ідэя кітайскіх тэхнапаркаў, яна чаму ўзнікае? Бо ўнутраныя інвестары, якія лепш за ўсё ведаюць якая інвестыцыйная прывабнасць у нашай краіне, яны ісці ня хочуць. Таму мы спрабуем іх замясціць замежнымі інвестарамі, разлічваючы, што яны будуць больш наіўнымі», – даводзіць Сяргей Чалы.

Дзякуючы рэзідэнтам, што, нібыта, наперабой імкнуцца ў тэхнапарк пад Смалявічамі, Лукашэнка абяцаў павялічыць айчынны экспарт на $ 50 млрд штогод, то бок больш як удвая. Але праз 6 гадоў пасля свайго нараджэння гэты праект застаецца ў тым жа стане, што і цэментавы, і дрэваапрацоўчы ды іншыя спробы кіраўніка мадэрнізаваць краіну зверху, рукамі чыноўнікаў.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў