Кітай значна павялічыў транзіт тавараў праз Беларусь


Беларуская чыгунка – частка Новага шоўкавага шляху, вялікай інфраструктурнай сеткі ад заходніх межаў Кітая праз краіны Сярэдняй Азіі і Расею ў Еўропу. Фота – Jaap Arriens/NurPhoto/ZUMA Press/Forum

Расце аб’ём перавозак па Новым шоўкавым шляху.

У 2017 годзе адбылося павелічэнне транзіту па чыгунцы на 30 %. Гэта звязана з ростам перавозак з Кітаю ў Еўропу па Новым шоўкавым шляху, які дзейнічае з 2015 года.

Транспартны маршрут праходзіць па Казахстане, транссібірскай магістралі ў Расеі, Беларусі, Польшчы і Нямеччыне. Цягнікі ідуць па гэтым шляху 15 дзён – у два разы хутчэй, чымся морам праз Суэцкі канал.

У размове з агенцтвам «БелТА» Берасцейская мытня кажа, што амаль на 20 % вырас таксама аўтамабільны транзіт. Летась мытнікі выдалі больш за 450 тысячаў дазволаў на мытны транзіт партыяў тавараў.

«Істотна скараціць час на правядзенне мытных фармальнасцяў дазваляюць электронныя тэхналогіі, – кажуць мытнікі. – Прад’яўленне перавозчыкам электроннай папярэдняй інфармацыі значна скарачае час знаходжання транспарту ў пунктах пропуску».

Сярод аўтамабільных пунктаў мытнага афармлення самым загружаным з’яўляюцца «Казловічы», якія кожныя суткі ў абодва бакі праязджае дзве тысячы фураў.

Летась у Казловічах, каб скараціць час праходжання мяжы, некаторыя функцыі памежнікаў пачалі выконваць мытнікі. Эксперымент атрымаўся ўдалым – з наступнага года інспектары мытні будуць так рабіць на пастаяннай аснове.

ДД

Глядзі таксама
Каментары